«Штрафбат» для Батуры адмяняецца?
Разборка ў Барысаве больш за ўсё ўразіла нават не звальненнем першага намесніка кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Андрэя Тура, а пераводам старшыні Менаблвыканкама Барыса Батуры на пасаду кіраўніка завода «Барысаўдрэў».
— Мы тут загубілі мільёны даляраў валюты, — кіпяціцца Лукашэнка.
Паводле афіцыйных дадзеных, аб'ём інвестыцый, асвоеных агулам на рэалізацыю праекта, на 1 кастрычніка склаў 45,9 млн еўра.
Арганізацыйныя высновы рушылі ўслед неадкладна. Горш за ўсіх прыйшлося старшыні Мінаблвыканкама.
— Батуру адхіліць ад займаемай пасады і накіраваць сюды (ААТ
«Барысаўдрэў» - заўв.рэд.) кіраўніком. Калі праз тры дні не выйдзе на працу, распачаць крымінальную справу ў дачыненні да яго. Калі ён тут не здолее да
вясны — узбудзіць крымінальную справу,
Аднак з афіцыйнага паведамлення прэзідэнцкай прэс-службы гэты ўражлівы пасаж знік. Засталося толькі: «Кіраўнік дзяржавы прыняў пастанову аб вызваленні ад займаемай пасады
губернатара Мінскай вобласці Барыса Батуры».
Больш за тое, у больш позніх выпусках навінаў дзяржаўных тэлеканалаў Аляксандра Лукашэнку «абарвалі» на паўслове. Засталося толькі: «Батуру адхіліць ад займаемай
пасады...»
Складваецца ўражанне, што Лукашэнка «сказаў, не падумаўшы». Падобна на тое, што постфактум пакаранне Батуру змякчылі, абмежаваўшыся звальненнем. А накіраванне ў
«штрафбат» (на пасаду кіраўніка «Барысаўдрэва») адмянілі. Ці правільныя нашы высновы, стане вядома ўжо бліжэйшым часам.
Аднак у любым выпадку ўражвае параліч існуючай сістэмы кіравання. Звярніце ўвагу, што вымавіў Батура ў адказ на прэтэнзіі ў свой адрас: «У мяне проста не дайшлі рукі».
Але ж мадэрнізацыю прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай прамысловасці Лукашэнка аб'явіў адным з прыярытэтаў!
Раней праекты, якія знаходзіліся на асабістым кантролі ў кіраўніка, здаваліся ў тэрмін і з навядзеннем марафету да прыезду першай асобы. Цяпер усё праз пень-калоду:
«Чыжоўка-арэна» пратэрмінаваная, станцыя метро «Малінаўка» добра калі да лета запрацуе, на «Барысаўдрэве» чорт ведае што робіцца...
І чарговая паказальная лупцоўка мала што зменіць, паколькі праблема не ў тым, што чыноўнікі расслабіліся. Яны і самі рады б выканаць даручэнні Лукашэнкі, каб засцерагчы сябе ад найвышэйшага
гневу. Але нават дасведчаны Батура, далёка не горшы з кіраўнікоў абласцей, апынуўся не ў стане ажыццявіць пастаўленыя задачы.
Прычына ў тым, што патэнцыял цяперашняй эканамічнай мадэлі папросту вычарпаны. Яе ціхую агонію ўжо не спыніш ні публічнымі разносамі, ні крымінальнымі справамі.
gazetaby.com