«Мадэрнізацыя» за кошт дзіцячай працы
Дзяцей прымусова прыцягваюць да прыбірання «Барысаўдрэва».
Навучэнцаў 9-11 класаў школы №6 Барысава адпраўляюць адпрацоўваць на «Барысаўдрэў». Адразу некалькі чалавек пацвердзілі гэтую інфармацыю сайту barysau.by. Старшакласнікаў
накіроўваюць на ўборку тэрыторыі скандальнага барысаўскага прадпрыемства. Прычым тыя вучні, якія спазняюцца на ўрокі, адпраўляюцца адпрацоўваць працоўную павіннасць фактычна
«аўтаматам».
Сярэдняя школа №6 знаходзіцца на вуліцы Ленінскай. Гэта навучальная ўстанова — непадалёк ад дрэваапрацоўчага прадпрыемства.
«Сёння раніцай мне адзін настаўнік шостай школы таксама казаў пра тое, што ўчора з самай раніцы на «Барысаўдрэў» збіраліся адпраўляць
дзяцей», — паведамляе ўжо іншы чытач.
Акрамя таго, паступіла інфармацыя, што і навучэнцы Барысаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя (ранейшае ПТВ №62) таксама павінны адпрацаваць на ўборцы тэрыторыі прадпрыемства.
А на самім прадпрыемстве тым часам тры наступныя суботы ўжо абвешчаныя суботнікамі, на якіх абавязаныя адпрацаваць ўсе супрацоўнікі завода. Таксама да ліпеня, да новага часу Х, калі
«Барысаўдрэў» чакае новая праверка на «мадэрнізацыю», пра звальненне адміністрацыя параіла нават забыцца.
barysau.by