Сепаратызм — гэта суцэльная шызафрэнія

Пра сітуацыю ў Харкаве, які лічыцца адным з цэнтраў «сепаратызму» ва Украіне, разважае Ігар Оржыцкі, дацэнт кафедры раманскай філалогіі Харкаўскага нацыянальнага універсітэту, удзельнік Еўрамайдану.



vakzal_u_charkavie.jpg

Харкаўскі вакзал

— Як бы вы ахарактарызавалі Харкаў, у чым яго асаблівасць?

— Горад адукаваных і працавітых людзей і — нягледзячы на засілле  папсы — таксама і знатакоў высокага мастацтва. Каласальная інжынерная думка, гуманітарыі — не слабейшыя за кіеўскіх і львоўскіх. Мы часам у нашым гуманітарным асяроддзі (я кажу пра сваё — праўкраінскае асяроддзе) нават нос задзіраем — такога або гэткага, маўляў, не могуць ні ў Кіеве, ні ў Львове. Горад адначасова трохі хамаваты і добразычлівы. Палітычна некалькі інэртны, відавочна нерэвалюцыйны, кожны сам за сябе, стараемся пазбягаць рэзкіх рухаў, грамадзяне ў большасці гатовыя да кампрамісаў з моцнымі, часам — коштам ўласнай годнасці. Вось у Данецку — рэвалюцыянеры (хоць тыя рэвалюцыі могуць мець супрацьлеглыя вектары), згадаем, што менавіта данецкія шахцёры сваімі забастоўкамі калісьці прывялі да развалу СССР, а затым паходамі адпраўляліся на Кіеў. Такая спецыфіка нашага горада тлумачыцца генетычна — у асноўным ён створаны ў сярэдзіне ХVII ст. тымі, хто бег на тады нічыйныя ці яшчэ незаселеныя Маскоўскім царствам землі, стаміўшыся або баючыся ўдзельнічаць у вайне Хмяльніцкага, а затым сыходзячы і ад Руіны (перыяд гісторыі Украіны другой паловы XVII стагоддзя, які вызначыўся распадам ўкраінскай дзяржаўнасці і агульным заняпадам — НЧ).

— Тое, што адбылося 1 сакавіка, з боку можа падацца супрацьстаяннем інтэлігенцыі і пралетарыяту.

— Не абражайце пралетарыят, ён у Харкаве высокакваліфікаваны. На тэлемосце «5 канала» з «Дажджом» Ада Рогаўцава сказала, што Майдан быў супрацьстаяннем інтэлігенцыі і крыміналітэту. Тое ж, у агульных рысах, і ў Харкаве. Апроч таго, ужо даказана, што па Украіне ездзяць «турысты».

— Ці адчувае сябе чужым у Харкаве чалавек, які размаўляе па-ўкраінску?

— Цяпер ужо амаль не. Проста адказваюць пераважна па-руску, але і выпадкаў перапытвання «А вы адкуль прыехалі?» меней, моладзь наогул такога не пытае. Ужо даўно не называлі мяне і бандэраўцам... Часта ўжо і адказваюць па-ўкраінску. Гэта на міжасабовым узроўні. Але харкаўскія ўлады не выконваюць прынятых імі ж палажэнняў аб афіцыйным двухмоўі — нагадаю, спачатку яшчэ адразу пасля перамогі Юшчанкі афіцыйнае двухмоўе ўведзена ў горадзе, а праз год, пасля перамогі рэгіяналаў на мясцовых выбарах, — і у вобласці. Дык вось, у крамах усе цэннікі пішуцца амаль выключна на рускай (не на двух мовах!). Хоць на саміх таварах этыкеткі пераважна ўкраінскія. Тут могуць узнікаць і непаразуменні, калі просіш сасіскі «вершкові», а прадавец крывіцца... Тое ж часта ў транспарце. Гэтак жа і чыноўнікі, лекары, сэрвіс, банкі вельмі рэдка пераходзяць на ўкраінскую, хоць гэта ўжо нават абавязак. Заўважце, я карэнны жыхар Харкаву, і бацька мой з Харкаўшчыны, а маці — з Мікалаева.

— Двухмоўе і двухкультур'е — гэта праклён Украіны ці яе станоўчая асаблівасць?

— Гэта пэўная скасабочанасць. Вось калі б мы былі трохмоўным і ў нас, улічваючы не менш каласальны ў свой час іншы суседскі ўплыў, гэтак жа лёгка ўжывалася і польская мова, як калісьці і было, то гэта па меншай меры адлюстроўвала б геа-культурна-гістарычную рэальнасць Украіны. А так невалоданне ўкраінскай на Усходзе і кепскае веданне польскай на Захадзе — вынік палітыка-адміністрацыйнага ціску. Між тым Міхаіл Драгаманаў (а ён з Палтаўшчыны, не «заходнік») даследаваў, што ў Харкаве ў XVIII ст. вучылі польскую мову і выкладалі на ёй некаторыя навукі, ён асабіста бачыў канспекты студэнтаў Харкаўскага калегіума, напісаныя па-польску. І менавіта ў Харкаўскім універсітэце Пятром Гулаком-Арцямоўскім была створана першая ў Расійскай Імперыі кафедра польскай мовы. А яшчэ невалоданне украінскай для старэйшага пакалення павінна было раўняцца «антысаветчыне» (! ), бо на камуністычных партыйных з'ездах падкрэслівалася неабходнасць гарманічнага нацыянальна-рускага двухмоўя; мы ж вывучалі ва універсітэце гэтыя матэрыялы... Дык дзе ж гармонія? Дзе двухмоўе? Суцэльная «антысаветчына»... Калісьці быў у нас вельмі добры сцёбны лозунг — «Хочаш двухмоўя — вывучы ўкраінскую!». Гэты мой адказ таксама трохі сцёбны, таму што сапраўды ўзважаны і глыбокі патрабаваў бы цэлай навуковай манаграфіі.

— Чым падсілкоўваюцца сепаратысцкія настроі на Харкаўшчыне, якімі страхамі і надзеямі?

— Гэта проста шызафрэнія, калі камуністы з чырвонымі сцягамі стаяць і заклікаюць за далучэнне да незваротна капіталістычнай Расіі, а помнік Леніна абараняюць людзі пад трыкалорам, які Ленін і знішчыў разам з той дзяржавай. Гэта шызафрэнія — абараняць помнік Леніна і маўчаць пра знішчаную «антыфашысцкімі» гарадскімі ўладамі алею з бюстамі камсамольцаў — герояў ВАВ, сярод якіх, у тым ліку і харкаўскія падпольшчыкі — Ляля Убійвовк і Аляксандр Зубараў; маўчаць пра знішчаную побач стэлу з ордэнамі камсамола, сярод якіх і ордэн Леніна за ВАВ; маўчаць аб усталяванні ў Александроўскай царкве кіёта генералу Рускага ахоўнага корпуса на Балканах, гітлераўскаму прыслужніку Барысу Штэйфану толькі таму, што ён — ураджэнец Харкава, маўчаць, што масквіч — «водрузитель» трыкалора на абладміністрацыі падае сябе ў сацыяльнай сетцы ў нацысцкай уніформе, маўчаць пра знішчаны каля парку адпачынку ім. Горкага помнік камуністычнага педагога Антона Макаранкі, чалавека сусветнай славы. Гэта шызафрэнія. Дарэчы, згаданая царква размешчана на тэрыторыі Сабуравай дачы — харкаўскай псіхушкі...

— Наогул, чаго ў іх больш, у такіх настроях, эмоцый або цвярозага разліку?

— Я думаю, што існуе калектыўная шызафрэнія. А цвярозы разлік — у лялькаводаў, як сваіх, так і паўночных.

— Расійская акупацыя Крыма спрыяла росту такіх настрояў ці наадварот?

— Думаю, хаця і не ўпэўнены, што гэта лакмусавая паперка, многія вызначыліся — за Украіну яны, ці супраць. Здаецца, нашых у Харкаве ўсё ж такі больш (хоць вельмі шмат і «балота»), але праціўнік лепш арганізаваны, жорсткі і ўзмоцнены «турыстамі».

— Не так даўно некаторыя ўкраінскія нацыяналісты лічылі, што паўднёва-ўсходнія рэгіёны — гэта не сапраўдная Украіна. Зараз тых, хто думае падобным чынам, стала больш ці менш?

— Амаль усе значныя ідэолагі ўкраінскага нацыянальнага руху як правай, так і левай арыентацыі — з Усходу і Цэнтра: Данцоў, Ліпіньскі, Скрыпнік, Хвылёвы ды інш. У Захаду з буйных ідэолагаў толькі Іван Франко (можа, трохі памыляюся, я хоць і гуманітарый, але не прафесійны украініст). Тое ж з дысідэнцтвам — Стус, Дзюба, Святлічны, Чарнавіл, Ціхі, генерал Грыгарэнка, Лук'яненка... Я, вядома, не забываю пра «заходнікаў» братоў Гарыняў, Калінца, Хмару, але больш знакавых фігур з Усходу і Цэнтра. Цяпер адкрываюцца архівы і ўжо апублікавана шырокая праца аб Сумшчыне (ёсць у інтэрнэце) — там да 30-х гадоў па лясах пастрэльвалі... Таму ў пачатку 30-х так жорстка і вынішчалася тут усё, літаральна на генетычным узроўні. Пад Польшчай там неяк лягчэй было... Але Майдан пачаўся не ў Кіеве, а ў Урадзіеўцы, то бок на Усходзе, гэта маё глыбокае перакананне. Так, самых баявітых майданаўцаў было больш з Заходняй Украіны, таму што ў іх памяць пра партызаншчыну не так вынішчалі... Ну, гэта доўгая размова... Безумоўна, цяпер тыя, хто адчужана ставяцца да Усходу і Поўдня — у меншасці.

— Як вы думаеце, чаго насамрэч дамагаецца Пуцін?

— Не ведаю, я не палітолаг. Крым ён дакладна хоча. І ўмацаванню ўкраінскага патрыятызму ён дакладна дапамог. Можа ў яго такая эзатэрычная місія?

— Што павінны зрабіць новыя ўкраінскія ўлады, каб захаваць цэласнасць краіны?

— Перш за ўсё не красці і не браць хабараў. Калі гэта адчуюць людзі, ім даруюць і некаторыя памылкі. У аснове ўкраінскай рэвалюцыі — паўстання годнасці супраць мярзоты, усё пачалося з Урадзіеўкі, як я казаў. Я не палітык, не сацыёлаг, не дыпламат, я не ведаю, як захоўваецца цэласнасць краін. Але як чалавек з пэўным культурным багажом я ведаю, што расколатыя на некалькі частак народы адраджаюцца, нібы Фенікс — палякі. Народы, тысячагоддзямі рассеяныя па свеце, збіраюцца ў адну супольнасць — габрэі. Народы, якія больш за тысячагоддзе не мелі дзяржаўнасці, атрымліваюць яе — славакі. Тут ужо не ва ўладах справа. Мне не падабаецца выраз «рыба гніе з галавы». Народ не да рыбы падобны, а, хутчэй, дна чалавека, а чалавек гніе з жывата, знутры. Не так шмат людзей паміраюць ад таго, што ў іх мозг згніў... Але ўжо ясна, што прарвемся, калі на Майдане перамаглі. Таму, па сутнасці, захоўваць адзінства нацыі, што з'яўляецца залогам цэласнасці краіны, — нам, а не правадырам. Я не здольны даць канкрэтных парадаў...

— Як можа гэтаму спрыяць грамадзянская супольнасць?

— У нас яе пакуль няма. Спрыяць гэтаму можа кожны асобна, карыстаючыся перафразаванай формуле французскага караля Людовіка XIV — «Украіна — гэта я». Украінскі чалавек павінен быць такім, якім хоча бачыць Украіну. Ну, а з гэтага ўжо вынікае і неабходнасць стварэння грамадзянскай супольнасці, і ўзаемнай падтрымкі і да т.п.

— Вы цікавіцеся Каталоніяй, ведаеце каталонскую мову. Скажыце, ці можна параўнаваць сітуацыю на паўднёвым усходзе Украіны з каталонскай?

 — Параўнанне сітуацыі на паўднёвым усходзе з незалежніцкімі імкненнямі Каталоніі наўрад ці дарэчнае. У Каталоніі вельмі старажытная дзяржаўная традыцыя, яны ад маўраў вызваліліся значна раней, чым іншыя часткі цяперашняй Іспаніі. Яны лічаць, што страцілі сваю незалежнасць толькі ў пачатку XVIII ст., калі ў выніку вайны, вядомай у нас як Вайна за іспанскую спадчыну, у Іспаніі на троне апынулася дынастыя Бурбонаў, французская па паходжанні, перад тым у іх была вельмі шырокая аўтаномія, Іспанію была фактычна манархіяй федэратыўнай, адукаванай, у тым ліку і Каталонію разглядала як раўнапраўнага партнёра, - я некалькі спрашчаю і абагульняю, бо падрабязнасці будуць цяжкімі для разумення неадмыслоўца. У каталонскай меншасці няма "цэнтра цяжару" — нейкай іншай большай краіны, дзе панавала б каталонская культура і такая краіна патрабавала б ад іспанскай дзяржавы не ўшчамляць каталонцаў. А ў выпадку з украінскім паўднёвым усходам, калі вельмі спрасціўшы сітуацыю лічыць рускамоўе сінонімам рускай самасвядомасці і культуры, "цэнтр цяжару" якраз ёсць. Дарэчным выглядала б параўнанне з каталонскай сітуацыяй становішча Украіны ў рамках СССР. Або ўкраінскіх зямель у Маскоўскім царстве, бо мы вызваліліся ад арды раней Масковіі і таксама з дапамогай моцнага (але талерантнага ў гэтым выпадку) суседа — ВКЛ, а каталонскія землі былі вызваленыя ад маўраў з дапамогай Карла Вялікага, і доўгі час каталонскія кіраўнікі былі васаламі Каралінгаў. Каталонцы цяпер жартуюць, што тады як астатнія жыхары Іберыйскага паўвострава (з партугальцамі уключна) былі пад ісламам (у тыя стагоддзі вельмі дэмакратычным, шчыра кажучы), яны ўжо трапілі ў Еўрасаюз — імперыю Карла Вялікага. Прыемная аналогія для ВКЛ? Украіна зноў з нецярпеннем чакае на жалезныя літоўскія дружыны...