Украінцаў у Данецку забівалі прыезджыя рускія — СМІ

Два чалавека загінула і дзясяткі параненых у выніку нападу прарасійскіх актывістаў на мітынг за незалежную Украіну ў Данецку.



1369425.jpg

Як паведамляе Espeso.tv, расіяне, якія падчас сутычак самі атрымалі лёгкія раненні, распавядалі лекарам пры аказанні ім дапамогі, што яны былі арганізатарамі нападу на ўдзельнікаў мітынгу за адзіную Украіну.


Пра тое, што на прарасійскі мітынг прыехалі аўтобусы з грамадзянамі Расіі, яшчэ перад пачаткам сутыкнення паведаміў данецкі карэспандэнт Gazeta.ua.

Адзін з гэтых аўтобусаў сфатаграфавалі данецкія актывісты.

Аўтобус прыбыў 13 сакавіка, ён меў ехаць па маршруце «Есентукі — Данецк — Афіны», арганізатар паездкі фірма "Волга-трэвел".

Учора ў Данецку ў карэце «хуткай» па дарозе ў бальніцу памёр 22-гадовы данчанін. Яго смяротна паранілі нажом за тое, што прыйшоў на мітынг за адзіную Украіну.

Другая ахвяра, паводле УНІАН — актывіст абласной арганізацыі аб’яднання «Свабода» Дзмітры Чарняўскі.

«Хуткія» ледзь паспявалі аказваць дапамогу параненым. У іх былі прабітыя галовы, траўмаваныя вочы і раненні ад удараў металічнымі прутамі.

Як распавядае сведка, агрэсія пачалася з боку натоўпу, які падтрымлівае Расію. Паводле яго слоў, з боку ўкраінскіх дэманстрантаў агрэсіі не было. Адзін з пацярпелых распавёў, што рускія кідалі ва ўдзельнікаў мітынгу за адзінства Украіны камянямі, выбуховымі пакетамі, труцілі газам.

www.svaboda.org