Фотапраект: ню супраць вайны

Менскі фотамастак, вядомы перадусім сваімі работамі ў жанры ню, Алекс Жарнасек прыдумаў і ажыццяўляе “Фотапраект Міру” (Gallery for Peace), які ў сацыяльных сетках ужо празвалі “Вайна нах”.



autar_alex_zharnasek.jpg

Аўтар праекту Алекс Жарнасек

У акцыі можа ўзяць удзел кожны, хто публічна вырашыць выказаць сваю пазіцыю супраць вайны ва Украіне і прыхільнасць да міру і кахання.

Аўтар прапануе завітаць да яго ў творчую майстэрню ў дамоўлены час і сфатаграфавацца з плакатам, які кожны самастойна можа намаляваць непасрэдна ў фотастудыі мастака, дзеля чаго падрыхтаваныя аркушы паперы, фарбы і маркеры.

“Мой праект для мяне. Гэтак жа, як і ўсё, што робіць творчы чалавек, трэба толькі яму аднаму. Але я спадзяюся, што ў кожным з удзельнікаў ці гледачоў ён выкліча нейкія іх уласныя глыбокія перажыванні... проста я на гэта спадзяюся. Стаць удзельнікам можа любы чалавек, які захоча напісаць на аркушы паперы пра сваё стаўленне да войнаў, тое, што думае асабіста ён. Гэта не палітычны і не камерцыйны праект, нягледзячы на слова "politican" у імя сайта. Але што рабіць, калі ўсё, што мае дачыненне да вайны, так ці інакш звязана з палітыкай”, — сам Алекс так тлумачыць асноўны сэнс праекта.

“Усё раблю я сам, у мяне ёсць спецыяльны асобны сайт, там і будуць гэтыя фотаздымкі, фотаздымкі ўсіх маіх сяброў і іх сяброў і блізкіх, маіх суграмадзян з гэтым пазітыўным пасылам у космас! У космас — таму што больш няма куды адпраўляць нашы жаданні, палітыка ўжо не працуе…” — перакананы мастак.

У праекце ўжо ўзялі ўдзел сам мастак, ню-мадэльУлляна Ашурка, шоўмэн Уладзімір Максімкаў, літаратарка Валярына Кустава, кулінар Арына Лісецкая і многія іншыя.

Цікава, што фотаздымак Валярыны, не паспеўшы з’явіцца ў сацыяльных сетках, за першыя паўдні набраў каля 2,5 соцень “лайкаў” мірнага беларускага фб-грамадства, што яшчэ раз пацвярджае, што падтрымка ідэі мастака знайшла водгук у сэрцах беларусаў.

Алекс з жалем сцвярджае, што праект бестэрміновы: “Баюся, што войны не хутка скончацца, па ўсіх прагнозах іх стане толькі больш, а што будзе з галерэяй з часам і як будзе развівацца праект, я не магу ведаць і загадваць, але вось ужо ў першыя дні былі жадаючыя ўдзельнічаць у ім з іншых краін. Думаю пачаць прымаць фатаграфіі па электроннай пошце з усяго свету для сваёй Галерэі. З таго моманту гэты праект перастане быць фатаграфічным ... ну і хай, але пакуль гэта фотапраект, і ўсе партрэты ў ім раблю я, я раблю іх так, каб яны заставаліся добрымі фотаздымкамі нават па-за кантэкстам праекта, нават праз 200 гадоў”.

litaratar_valiaryna_kustava.jpg

Літаратар Валярына Кустава

 

menedzher_jaugen_skurat.jpg

Мэнэджэр Яўген Скурат

 

uladzimir_maksimkau.jpg

Шоўмэн Уладзімір Максімкаў

 

ulliana.jpg

Ню-мадэль Улляна Ашурка

Усе фота, зробленыя для фотапраекта “Галерэя Міру”, можна ўбачыць на адмысловым сайце http://politicans.net

Пра ўдзел у праекце можна дамовіцца непасрэдна з мамім мастаком праз яго профіль у сацыяльных сетках: https://www.facebook.com/alex.zhernosek