Уладзімір Някляеў заявіў пра выхад з апазіцыйных структур

Лідар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Уладзімір Някляеў заявіў пра выхад з апазіцыйных структур.



niekliajev_romantik.jpg

"Двухгадовыя перамовы беларускай апазіцыі па вылучэнні адзінага кандыдата і вызначэнні супольнай праграмы на прэзідэнцкія выбары 2015 года завяршыліся безвынікова. У звязку з гэтым заяўляю пра свой выхад з апазіцыйных структур, у тым ліку з грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", актывістам якой я назаўсёды ўдзячны за працу і падтрымку. Незалежнасць і дэмакратычная будучыня Беларусі застаюцца для мяне найвялікшай каштоўнасцю. Дзеля гэтага я буду працаваць і надалей", — гаворыцца ў заяве Уладзіміра Някляева.

Паводле звестак БелаПАН, пра выхад з апазіцыйнай кааліцыі (у яе ўваходзяць "Гавары праўду", Партыя БНФ, рух "За Свабоду", Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Аб'яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя левых "Справядлівы свет", аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя") Някляеў заявіў 8 красавіка на пасяджэнні "сямёркі", дзе безвынікова абмяркоўвалася пытанне аб скліканні кангрэса дэмакратычных сіл і вылучэнні на ім адзінага кандыдата ў прэзідэнты.

Вядомы паэт Уладзімір Някляеў быў адным з найбольш верагодных прэтэндэнтаў на вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 года. Паводле апошніх звестак Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Літва), ён з'яўляецца безумоўным лідарам сярод апазіцыйных палітыкаў па электаральным рэйтынгу (7,6 % па адкрытым пытанні і 9,4 % па закрытым).

Апазіцыйным сілам дагэтуль не ўдалося дамовіцца аб вылучэнні адзінага кандыдата, а на сённяшнім пасяджэнні "сямёркі" не было дасягнутае і пагадненне аб правядзенні кангрэса дэмсіл.

7 красавіка рэспубліканскі савет "Гавары праўду" прыняў рашэнне вылучаць кандыдатам у прэзідэнты актывістку кампаніі Таццяну Караткевіч.

БелаПАН