Адам Міцкевіч. Колькі было жанчын у жыцці паэта?
Сёлета вялікаму Адаму Міцкевічу, які нарадзіўся 24 снежня 1798-га — 225. Пра яго жыццё і творчасць напісана вельмі шмат, і дадаць штосьці новае да біяграфіі складана. Для творцы яго ўзроўню гэта натуральна. А вось раскрываць Міцкевіча як чалавека — можна бясконца.
Натуральная рэч: калі чалавек становіцца знакамітым і выбітным, то пра яго, як пра нябожчыка — альбо добра, альбо ніяк. Вобраз класіка сцерагуць, ахоўваюць і нават падчышчаюць недасканаласці. Але ж хто з нас дасканалы на ўсе 100%? Тым больш, што крытэрыі дасканаласці мяняюцца з кожнай эпохай. Вядомая ісціна: класікі таксама людзі. Людзі не толькі са сваімі хібамі, слабасцямі, заганамі, але і звычайным бытавым жыццём. І гэта таксама грань таленавітага чалавека, якая можа даць ключык да разумення творчасці.
Адам Міцкевіч трапіў у пастку, нашчадкі ўганаравалі яго тытулам Прарока нацыі. З такім тытулам быць заганным — нельга. Вось так пісалі пра Адама Міцкевіча ў 1930-я, калі яго культ дасягнуў вышынь:
«Магутная фігура таго, хто слова ператварыў у справу, хто справу выкаваў у сваім несмяротным, трывалым і не знішчальным, як граніт, слове… Чароўнасць слова ператварылася ў бронзавыя склады, якія абвяшчалі вызваленне паднявольным, а тым, хто сумняваўся, далі сілы для трывання і выйсця са змроку».
Гэта ўсё пра Міцкевіча. Канешне, не без падобнага пафасу трэба ўспрымаць яго творчасць. Узнёсласць таксама мае быць. Але ў чарговы юбілей здымем німб, ачалавечым паэта і пагаворым пра жывога Міцкевіча і яго… жанчын!
Чаму важна гаварыць пра жанчын?
Адам Міцкевіч — паэт эпохі Рамантызму. Яго творчасць пранізаная лірыкай як шчаслівага і ўзнёслага кахання, так і непадзеленага і няшчаснага. Канешне, гэта было небеспадстаўна, крыніц натхнення, так бы мовіць, для тэмы кахання ў паэта было шмат.
Колькі ж жанчын было ў Адама Міцкевіча? Папулярны польскі гісторык-эсэіст сучаснасці Славамір Копер на старонках сваёй кнігі «Жанчыны ў жыцці Міцкевіча» налічыў 20, прычым не толькі тых, якіх звыкла клічуць паэтычнымі музамі.
Жонка і самая вядомая муза
Для Міцкевіча гэта былі розныя асобы. Жонка паэта — Цэліна Шыманоўская, «галоўная муза» — Марыля Верашчака.
Пачнём з музы. Гісторыя адносін Адама і Марылі Верашчакі — самая рамантычная гісторыя нешчаслівага кахання з ХІХ стагоддзя, якую прыдумаў і пусціў у народ сам Міцкевіч на старонках сваіх «Дзядоў». Да сустрэчы з Міцкевічам Марыля Верашчака была заручана, а пасля і паспяхова пабралася шлюбам з графам Ваўжынцом Путкамерам, з якім пражыла некалькі дзясяткаў год. Заручыліся яны з Марыляй у 1819-м, а потым з’явіўся малады і летуценны паэт Міцкевіч. Путкамер па-сяброўску пагаварыў з Адамам, не сапсаваў ні з кім адносін, не разарваў заручын, і ў 1821 годзе Ваўжынец і Марыля злучыліся ў шлюбе. А потым, цягам яшчэ двух год Міцкевіч быў госцем сям’і Путкамераў, пакуль не трапіў на высылку і эміграцыю. А легенда аб разбітым сэрцы паэта абрасла падрабязнасцямі. Дайшло нават да таго, што Путкамер і Міцкевіч нібыта страляліся… Але ж чаго толькі не народзіцца ў бурлівых галовах!
Жонкай паэта была Цэліна Шыманоўская, якая нарадзілася ў сям’і піяністкі Марыі Шыманоўскай. Яе сястра Гелена была замужам за сябрам Міцкевіча — Францішкам Малеўскім. Міцкевіч ажаніўся з Цэлінай у Парыжы 22 ліпеня 1834-га, і ад гэтага шлюбу нарадзілася шасцёра дзяцей — дочкі Марыя і Гелена і чацвёра сыноў: Уладзіслаў, Юзэф, Аляксандр і Ян. Жонка Міцкевіча сутыкнулася з варожасцю з боку польскай эміграцыі, яе вінавацілі ў экстравагантнасці, адсутнасці кулінарных навыкаў, схільнасці да дамінавання ў адносінах і псіхічнай няўстойлівасці. Сапраўды, псіхалагічная хвароба была… Міцкевіч спачатку сам клапаціўся пра сваю жонку, але калі ён выявіў, што яе псіхічны стан пагаршаецца, ён адправіў яе ў лякарню, дзе яна некалькі разоў праходзіла тэрапію. Іх шлюб трываў 20 год, пакуль Цэліна не памерла ў 1855-м…
Першае каханне і першае расчараванне
Першым вядомым каханнем Міцкевіча была дзяўчынка Яся. Ім па 14, сустрэліся яны ў маёнтку Рута на летніх вакацыях. «Прыгожая і годная з гітарай у руках», — пісаў паэт і закахаўся. Тым летам яны часта бавілі час разам, у полі. Канікулы скончыліся, яны развіталіся, Адам вярнуўся да навукі.
Сваю Ясю ён сустрэне праз гады, але яна ўжо будзе ў статусе жонкі яго стрыечнага брата з двума дзеткамі на руках. Адама ўразіў яе занядбаны выгляд: з вясёлай паненкі Яся пераўтварылася ў сялянскую жанчыну, у якой цяжкая праца на гаспадарцы знішчыла яе хараство. Муж першай музы Міцкевіча выглядаў не лепш… Але ўспамін пра юную Ясю застаўся і ўвасобіўся ў вершах.
Другім захапленнем маладосці Міцкевіча была Анэля, якая скарыла сэрца студэнта ІІ курса Віленскага ўніверсітэта. Гісторыя не захавала прозвішча віленскай прыгажуні, не ведаў яго і Міцкевіч. Пазнаёміліся выпадкова, юнак з пачцівасцю захапіўся дзяўчынай і меў сур’ёзныя намеры. Справу ўладкавання адносін маладых людзей узяла на сябе маці дзяўчыны. Даведаўшыся, аднак, што кавалер яе дачушкі зусім не заможны, шанцы Міцкевіча атрымаць руку Анэлі скаціліся да мінімальных.
Скончылася ўсё імкліва, як і пачалося. Аднойчы запалены каханнем Міцкевіч прыйшоў да Анэлі на віленскую кватэру. Яе дома не было, а прыслуга прабалталася, што тут прымаюць і іншых мужчын, некаторыя застаюцца на ноч. Праўда гэта было пра дзяўчыну ці не, але з жыцця Міцкевіча Анэля знікла.
Ковенская суцяшальніца
Пасля ўніверсітэта Адам Міцкевіч працаваў настаўнікам у Коўна, а дакладней — быў вымушаны гэта рабіць. Паэту там не падабалася, ён пакутаваў, было няўтульна і самотна… Пакуль не з’явілася пані сэрца Караліна Кавальская!
Пані Кавальская была надзеленая ад прыроды добрай душой і прыгожай знешнасцю, яна тонка разумела настрой маладога гаротнага настаўніка і шчыра імкнулася прыйсці яму на дапамогу. Да ўсяго яна была жанчынай тэмпераментнай і захаплялася мужчынамі, маладзейшымі за яе. Муж — лекар Юзаф Кавальскі — быў не перашкодай для раманаў пані Кавальскай.
Паміж Адамам і Каралінай заіскрыліся імклівыя і гарачыя пачуцці. Ковенская пані прытуліла да свайго сэрца паэта, паэт, захоплены замужняй прыгажуняй, акрыяў і пачуваўся значна лепш. Раман працягваўся, хоць і з мужам Кавальскай Міцкевіч перасякаўся не аднойчы: на прыёмах, канцэртах, першых прагулках. З часам пачуцці да Караліны прытупіліся, а там і арышт, і высылка…
«Курортны раман» і муза для санетаў
Па выніку справы філаматаў Міцкевіч у кастрычнік 1824 году быў высланы ў выгнанне з Літвы. У 1825 годзе яго прытулкам сталі Адэса і Крым, дзе яго чакалі рамантычныя прыгоды.
Пра гэты эпізод жыцця Міцкевіча красамоўна занатаваў філамат, гісторык Мікалай Маліноўскі ва ўспамінах. Ён піша, што летам 1825 года прыбыла ў Адэсу сапраўдная чарадзейка, прыгажуня і разумніца — пані Караліна Сабаньская. У яе з Міцкевічам, як піша Маліноўскі, завязаліся свабодныя, разумей досыць блізкія, стасункі. Міцкевіч не змог не падацца магнетычнай чароўнасці непараўнальнай прывабнасці пані Караліны і з вялікай удзячнасцю прыняў запрашэнне суправаджаць яе ў падарожжы ў Крым.
Натхнёны Адам быў паланёны абаяльнасцю пані Караліны, і два ці тры яго санеты дазваляюць прыўзняць заслону над таямніцай гэтых стасункаў, якія ў той час былі паміж 27-гадовым паэтам і 22-гадовай чарадзейкай.
Але ў гэтай гісторыі не ўсё так проста. Караліна Сабаньская была агентам расійскага вышуку, і сумесная вандроўка ў Крым была не толькі з рамантычнымі мэтамі. Усё ж паэт быў ссыльным.
Маскоўскія пасіі Міцкевіча
«Жыву тут, як апошні янычар. Не маю асобнай кватэры, стол вельмі кепскі, віна і не чуваць, нават добрай кавы няма», — аб гэтым паэт пісаў у лісце да свайго сябра Эдварда Адынца падчас свайго побыту ў Маскве ў лютым 1826 года, куды Міцкевіч прыехаў з Адэсы. Кавы і віна ў Маскве можа і не было, а вось у жанчынах, з якімі стасаваўся ссыльны паэт, нястачы не адчувалася.
У маскоўскай публікі Міцкевіч быў папулярны. Паэт з Літвы, які пацярпеў ад самадзяржаўя, выклікаў зацікаўленасць у тагачасных салонах. Крышачку вальнадумства ў 1820-я ў тых салонах яшчэ было. Міцкевіч у Маскве не разгубіўся і наладзіў стасункі не з адной прыгожай дамай, а з некаторымі нават ледзь не ажаніўся. І ў адносінах з кожнай паэт быў шчыры і сур’ёзна захоплены!
Да вяселля справа ледзь не дайшла з Каралінай Яніш, выпускніцай Маскоўскай медычнай акадэміі. Міцкевіч зачасціў да яе на госці, пазнаёміўся з бацькамі, пачаў навучаць яе польскай мове… і тут паміж імі ўзнікла пачуццё кахання. Асабліва закахалася Караліна, бо Міцкевіч быў першым яе кавалерам, які праявіў да яе інтарэс. Караліна абагаўляла Адама, той збіраўся пабрацца шлюбам. Але не склалася.
Вырашыў Міцкевіч ажаніцца і з Аўдоццяй Бакунінай — дачкой сенатара, сваячніцай фельдмаршала Кутузава. Яе абаяльнасць, адукаванасць і жывы розум моцна зачаравалі Міцкевіча. Раман з Бакунінай скончыўся на паўдарозе: не паразумеліся ў поглядах на нацыянальнай і канфесійнай глебе. Як згадваў сын Міцкевіча, бацька казаў: «Каб яна не была праваслаўнай — ажаніўся б!». Пра Аўдоццю Адам памятаў доўга. Яе ж шлюб не склаўся, яна засталася самотнай.
Не абышлося ў Маскве і без стасункаў з замужнімі жанчынамі. Жана Залеская! Дарэчы, паэму «Конрад Валенрод» Міцкевіч прысвяціў Залескім, найперш — Жане. Што праўда, стасункі гэтыя былі складанымі: для Міцкевіча гэта была бестурботная ўцеха, для Залескай — пакуты сэрца.
А потым Міцкевіч з Масквы з’ехаў.
Прыгоды пад сонцам Італіі
У 1829 годзе Міцкевіч быў у Рыме. Не была б гэта сапраўдная Італія, каб не было рамантычных прыгод. Нават узаемных!
Яе звалі Генрыета Анквіч. Яна, захапіўшыся паэтам, абудзіла ў ім пачуццё ўзаемнага кахання. Пасля знаёмства з Міцкевічам 19-цігадовая дзяўчына на балях літаральна чаруе сваёй сентыментальнасцю, маладосцю, хараством. Яна свабодна валодала французскай, была адукаванай. Генрыета і Адам часта разам гулялі па рымскіх руінах… Міцкевіч бачыў у дзяўчыне адлюстраванне прастаты, дабрыні і шчырасці. У прынцыпе, Міцкевіч быў гатовы з ёй ажаніцца. Але бацька Генрыеты быў катэгарычна супраць, каб яго дачка бралася шлюбам з легкадумным і безграшовым паэтам.
Сям’я Анквіч з’ехала з Рыма, а пазнейшыя спатканні не прынясуць нічога новага ў адносіны Адама і Генрыеты.
Былі і пазашлюбныя дзеці…
Ксаверыя Дэйбель працавала настаўніцай музыкі і спеваў у доме Путкамераў. Тых самых, Марылі і Ваўжынца. Затым жыццё закінула яе ў Парыж, дзе жанчына перасеклася з Адама Міцкевічам. Доўгі час імя Ксаверыі і яе карэспандэнцыя старанна замоўчвалася сям’ёй паэта. На гэта былі свае прычыны, бо яна з’яўлялася не мімалётнай асобай, а неафіцыйнай жонкай паэта, якая нарадзіла яму двух дзяцей: Андрэа і Эмануэля.
Быў час, калі Адам і Ксаверыя тры месяцы жылі пад адным дахам, але жанчыну завабілі іншыя, і адносіны з Міцкевічам рассыпаліся.
Шлюб не стаў якарам
Сардэчныя захапленні ў Міцкевіча ўзнікалі і пасля шлюбу. У 1847 годзе Адам пазнаёміўся з Малгажатай Фулер, амерыканскай пісьменніцай і журналісткай. Гэта была надта прыгожая, ладна скроеная жанчына, якая прыехала ў Парыж з Лондана, каб спецыяльна паслухаць лекцыю прафесара Міцкевіча.
Хоць у Парыжы Малгажата знаходзілася дзесяць дзён, паміж ёй і Міцкевічам наладзілася перапіска. У лістах яна пытала: ці кахае ён яе? Неўзабаве журналістка вярнулася ў Парыж, дзе патаемна сустракалася з Міцкевічам. Далей адносіны іх падтрымліваліся толькі праз лісты.
***
Гэта — толькі галоўныя і добра вядомыя жанчыны з жыцця вялікага Адама Міцкевіча. Яго сардэчныя прыгоды маглі б стаць цудоўным серыялам. Выглядала б не горш за турэцкія меладрамы. Увагай жанчын Адам Міцкевіч дакладна не быў абдзелены. Магчыма, дзякуючы гэтаму і выліваліся вершы на паперу, якія сталі сусветнай класікай. А што да маралі, то жыццё расстаўляе ўсё на свае месцы. Увагі прыгажунь і стасункаў было шмат, а ці была ад гэтага сапраўдная радасць? Ці быў Міцкевіч шчаслівы? Пасля бурлівай ночы заўжды прыходзіць выцверазальны ранак. Такі ўжо закон гэтага свету.