Прыблізна вызначана лясная дарога ў Курапатах, па якой ахвяраў везлі на расстрэл

У межах даследавання тэрыторыі Курапатаў, якое ладзіцца актывістамі грамадзянскай ініцыятывы "Эксперты ў абарону Курапатаў", прыкладна вызначана дарога, па якой людзей везлі праз урочышча на расстрэл.

Па гэтай лясной дарозе “чорныя варанкі” везлі ахвяраў на забойства. І ніхто не згададваўся, што на трасу гэтай дарогі паказвала пабудаваная пазней уздоўж яе ЛЭП, якая зараз не існуе, але зафіксавана на старых мапах

Па гэтай лясной дарозе “чорныя варанкі” везлі ахвяраў на забойства. І ніхто не згададваўся, што на трасу гэтай дарогі паказвала пабудаваная пазней уздоўж яе ЛЭП, якая зараз не існуе, але зафіксавана на старых мапах


Чарговы этап даследавання  ляснога масіву стаў мажлівым толькі пасля таго, як валанцёры з грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты” распачалі, а супрацоўнікі Бараўлянскага спецлясгасу завяршылі санітарную ачыстку 19 га лесу на той частцы гістарычна культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты”, што знаходзіцца на тэрыторыі Мінскага раёна на паўночны ўсход ад Мінскай кальцавой аўтадарогі.

Агляд тэрыторыі Курапатаў (на пярэднім плане географ Аляксей Галіч)

Агляд тэрыторыі Курапатаў (на пярэднім плане географ Аляксей Галіч)


Падчас даследавання былі выкарыстаныя мапы мясцовасці розных гадоў, напрацоўкі айчынных археолагаў з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — навуковых экспертаў следчай групы Пракуратуры БССР, а таксама матэрыялы апытанняў сведкаў, што выкладзеныя ў зборніку “Курапаты” (Зянон Пазьняк, Яўген Шмыгалёў, Мікола Крывальцэвіч, Алег Іоў, Мінск, Тэхналогія, 1994), у кнізе Яўгена Гарэліка “Куропаты: следствие продолжается” (Москва, Юридическая литература, 1990) і ў зборніку матэрыялаў “Курапаты” (Архіў найноўшай гісторыі пры грамадскім аб’яднанні “Дыярыуш”, Мінск, 2002). Апроч таго, былі выкарыстаныя вынікі візуальнага агляду і вывучэння асаблівасцяў рэльефу ўрочышча, яго глебы і расліннасці.
Грамадскія актывісты вызначылі найбольш верагоднае месца, дзе сутыкаюцца край лесу перыяду 1930–1940-х гадоў і сляды асобных участкаў плоту, што далучаюцца да ўязной брамы.
Разам з тым, эксперты сустрэліся са старажылам вёскі Цна-Ёдкава Вольгай Цімафееўнай Бароўскай (у дзявоцтве Мацкевіч), 1927 года нараджэння. Дарэчы, гэта адзіная на сённяшні дзень жыхарка Цны-Ёдкава — непасрэдная сведка масавых расстрэлаў ва ўрочышчы, якія, паводле яе словаў, адбываліся з 1932 года да пачатку германа-савецкай вайны.

Вольга Бароўская (у дзявоцтве Мацкевіч) — кадр з дакументальна-публіцыстычнай стужкі Міхася Жданоўскага “Дарога на Курапаты”

Вольга Бароўская (у дзявоцтве Мацкевіч) — кадр з дакументальна-публіцыстычнай стужкі Міхася Жданоўскага “Дарога на Курапаты”


Жанчына, нягледзячы на свай паважаны ўзрост, добра памятае трагічныя падзеі 1930–1940-х гадоў у Курапатах. Яна пацвердзіла вызначанае грамадскімі актывістамі прыблізнае месцазнаходжанне трасы лясной дарогі, па якой бязвінных ахвяраў у “чорных варанках” вазілі праз урочышча на забойства. Разам з тым, Вольга Цімафееўна паказала на плане мясцовасці месца, дзе “чорныя варанкі” з ахвярамі і легкавікі з катамі з гравійкі Заслаўе—Калодзішчы рабілі левы паварот і з’язджалі на лясную дарогу. Жанчына распавяла, што тэрыторыя ўрочышча Брод (мясцовая назва ляснога масіву. — М.Г.), дзе праводзіліся масавыя расстрэлы, прыкладна ў 1937 годзе была агароджана плотам са шчыльна падагнаных усутыч дошак вышынёй 3 метры. Прычым гэтая агароджа стаяла на самым краю лесу, а перад ёю расло толькі кустоўе і малады падлесак. Плот быў суцэльны, не меў калючага дроту наверсе і назіральных вышак, а ахову агароджы здзяйснялі супрацоўнікі НКВД  без службовых сабак. Праехаць за плот можна было выключна праз двухстворкавую драўляную браму вышынёй тры метры, якая па сваёй канструкцыі нічым не адрознівалася ад астатняй агароджы.
Апроч таго спадарыня Вольга распавяла цікавую гісторыю, што здарылася з яе сям’ёю на самым пачатку германа-савецкай вайны. Бацька дзяўчынкі Цімафей Мацкевіч некалькі дзён хаваў у сябе трох палякаў "сярэдняга ўзросту", якія спрэс "размаўлялі па-польску" і звярталіся да 13-гадовай Вольгі “паненка”. “Гэтыя мужчыны былі галодныя, напаўраспранутыя і даўно няголеныя. Адкуль і куды яны ішлі — мне невядома. Памятаю толькі, як з адным палякам мы разам пайшлі ў лес паміж Бродам, вёскамі Зялёны Луг і Цна-Ёдкава, дзе знайшлі кінутыя чырвонаармейцамі драўляныя скрыні зялёнага колеру з гароднінай і дзіцячымі цацкамі. Я, канешне, заахвоцілася цацкамі, аднак паляк мне параіў узяць цыбулі з кабачкамі, як больш карысныя. А калі мы вярталіся дахаты, нас абстралялі невядомыя з боку былога фальварку Брадок пана Аляксандра Будагорскага.  Гэты фальварак знаходзіўся там, дзе зараз месціцца лодачная станцыя на беразе Цнянскага вадасховішча. І калі б не гэты паляк, які прымусіў мяне схавацца ад страляніны, наўрад ці б я засталася ў жывых”, — сказала Вольга Бароўская.    
Даследаванні тэрыторыі Курапатаў будуць працягнутыя. Да іх мяркуецца далучыць сведкаў падзей з іншых вёсак, а таксама спецыялістаў, у тым ліку археолагаў, архітэктараў, геадэзістаў, мовазнаўцаў, культуролагаў і гісторыкаў.