ААН выключыла марыхуану са спісу найбольш небяспечных наркотыкаў
Камісія ААН у сераду прыняла рашэнне выключыць марыхуану і яе вытворныя са спісу найбольш небяспечных наркотыкаў у свеце — так званага Спіса IV Адзінай канвенцыі аб наркатычных сродках 1961 года, піша Свабода.
Гэта было зроблена па рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі здароўя. Галасы ў камісіі з 53 дзяржаў падзяліліся амаль пароўну: 27 краін, уключаючы ЗША і краіны ЕС, галасавалі за выключэнне марыхуаны са спісу, 25 — супраць.
У Спіс IV уключаны рэчывы, на якія распаўсюджваецца найстражэйшы кантроль, напрыклад гераін. Марыхуана застаецца ў больш шырокім спісе наркатычных і псыхаактыўных рэчываў — Спісе I.
Па словах экспертаў, рашэнне камісіі ААН не будзе мець неадкладных наступстваў, паколькі кожная краіна самастойна вызначае сваю палітыку ў сферы наркотыкаў. Аднак, як піша New York Times, многія краіны кіруюцца глабальнай канвенцыяй пры вызначэнні такой палітыкі, і ў любым выпадку рашэнне, на думку прыхільнікаў яе змякчэння, мае вялікае сімвалічнае значэнне.
У вялікай колькасці краінаў свету і штатаў ЗША марыхуана ў медыцынскіх мэтах або для асабістага спажывання была апошнім часам легалізаваная або дэкрыміналізаваная.