Баевікі атакавалі аўтобус з хрысціянамі ў Егіпце, дзясяткі забітых
Баевікі адкрылі агонь па аўтобусе з копцкімі хрысціянамі ў Егіпце. Былі забітыя і параненыя дзясяткі чалавек. Дзяржаўныя СМІ паведамляюць пра гібель як мінімум 23 чалавек і яшчэ пра 25 параненых.
Інфармацыйны сайт Al-Yawm al-Sabi паведамляе, што ў выніку атакі загінулі 24 чалавекі, 16 параненыя. Сайт спасылаецца на крыніцы сярод медыкаў.
Напад на хрысціян-коптаў адбыўся ў правінцыі Эль-Мінья ў 250 кіламетрах на поўдзень ад Каіра, калі аўтобус накіроўваўся ў манастыр Святога Самуіла. Паводле звестак партала Al-Yawm al-Sabi, які спасылаецца на экстранныя службы, копты накіроўваліся ў Эль-Мінью з правінцыі Бені-Суэйф.
Агенцтва “Рэйтар” са спасылкай на губернатара Эль-Міньі таксама паведамляе пра 23 загінулых і 25 пацярпелых. Паводле інфармацыі агенцтва, група коптаў рухалася на двух аўтобусах і грузавіку.
Копты ў апошні час неаднаразова падвяргаліся нападам баявікоў. Адказнасць за напады брала на сябе забароненая ў многіх краінах “Ісламская дзяржава”. Напрыклад, 9 красавіка ў выніку двух тэрактаў, учыненых у цэрквах у Танце і Александрыі, загінулі па меншай меры 46 чалавек. А ў снежні 2016 года 25 чалавек загінулі ад выбуху падчас набажэнства ў копцкім саборы ў Каіры.
У лютым гэтага года баявікі "Ісламскай дзяржавы" заявілі, што плануюць новыя напады на коптаў, якія складаюць 10% насельніцтва Егіпта. Копцкая праваслаўная царква з'яўляецца найбуйнейшай хрысціянскай супольнасцю Егіпта. Большасць коптаў жывуць у Егіпце, але прыкладна мільён копцкіх хрысціян — за яго межамі.
Напады на егіпецкіх коптаў сталі часцейшымі ў апошнія некалькі гадоў, асабліва пасля перавароту 2013 года, калі ваенны ўрад, што прыйшоў да ўлады, больш жорстка стаў змагнацца з ісламістамі. Некаторыя з прыхільнікаў зрынутага прэзідэнта Махамеда Мурсі і ўзначаленага ім руху "Браты-мусульмане" перакананыя, што хрысціяне падтрымлівалі ваенны пераварот.
Копцкі хрысціяне лічаць, што іх рэлігія ўзыходзіць да 50-га года нашай эры, калі апостал Марк, паводле падання, наведаў Егіпет. Яны абвясцілі яго першым патрыярхам і кіраўніком царквы.
Паводле ВВС