Беларуска Ліза, згвалтаваная ў Варшаве, памерла

Беларуска, якую згвалтавалі і спрабавалі забіць у цэнтры Варшавы, сёння памерла ў шпіталі. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта.

Фота суразмоўцы «Люстэрка»

Фота суразмоўцы «Люстэрка»

Пасля нападу дзяўчына знаходзілася ў цяжкім стане ў рэанімацыйным аддзяленні бальніцы. Яна была без прытомнасці на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Нягледзячы на ўсе намаганні польскіх лекараў, Ліза памерла 1-га сакавіка.

— Нам вельмі шкада. Абставіны трагічныя, інфармацыя трагічная. Лекары зрабілі ўсё, што было ў іх сілах, — цытуе выданне Rzeszpospolita прэс-сакратарку Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта Барбару Меткоўску.

Раней паведамлялася, што на яе лячэнне сабралі каля 80 тысяч долараў.

Затрыманы па падазрэнні ў нападзе дзяўчыны жыхар Варшавы знаходзіцца пад вартай. Раней яму прад'явілі падазрэнне ў замаху на забойства, спалучанае са згвалтаваннем і разбоем. Паліцыя праверыла яго ДНК на дачыненне да падобных злачынстваў, але ў базе праваахоўнікаў падабенства з яго генетычным матэрыялам выяўлена не было. Раней мужчына быў судзімы за захоўванне наркотыкаў і дробны крадзеж. Як піша Onet, яму трэба будзе прайсці псіхіятрычную экспертызу, якая павінна вызначыць яго стан свядомасьці на момант нападу.

Нагадаем, на Лізу напаў мужчына ў ноч з 24 на 25 лютага ў цэнтры Варшавы. Ён прыставіў нож да горла, згвалціў і спрабаваў задушыць. Дзяўчыну знайшлі без прытомнасці. Падазраванага затрымалі ў той жа дзень — ім аказаўся 23-гадовы варшавянін.