Ці хочуць рускія вайны? Большасць расіян падтрымаюць вайну з Украінай

Тры чвэрці расіян падтрымаюць кіраўніцтва краіны, калі паміж Расіяй і Украінай будзе ваенны канфлікт. Аб гэтым паведамляецца ў дадзеных сацапытання "Лявада-Цэнтру".



383964403.jpg

Згодна з адказам рэспандэнтаў, толькі 13% апытаных не гатовыя пагадзіцца з такім рашэннем, яшчэ 13% не змаглі адказаць. Пры гэтым толькі 13% рэспандэнтаў упэўненыя, што такога канфлікту не здарыцца, 53% лічаць яго малаверагодным, а вельмі верагодным — ужо 23%.

Так, 77% расіян лічаць, што віна за пагаршэнне адносін паміж Расіяй і Украінай у той ці іншай ступені ляжыць на ўладах Украіны. Пры гэтым расійскія ўлады вінаватымі ў пагаршэнні лічаць толькі 3%.

У той жа час, 73% апытаных лічаць уладу ва Украіне нелегітымнай.

Кансалідацыі ўкраінскага грамадства супраць Расіі расіяне не чакаюць — яе прадбачаць толькі 14% апытаных. 26% чакаюць, што далучэнне Крыму да Расіі выкліча паслабленне прыхільнікаў Майдана, разброд сярод прыхільнікаў новай улады, яшчэ 28% чакаюць стабілізацыі палітычнай сітуацыі ў краіне і прымірэння з аддзяленнем Крыму.

Яшчэ 7% лічаць, што далучэнне Крыма выльецца ў жаданне ўкраінцаў далучыцца да Расіі ў межах адной дзяржавы. Таксама грамадзян РФ не турбуе нават міжнародная ізаляцыя. У прыватнасці, 58% апытаных лічаць, што рэакцыя Захаду на падзеі ў Крыме абумоўлена варожым стаўленнем да Расіі і імкненнем скарыстацца момантам для аказання ціску на РФ.

Апытанне праведзена 21–24 сакавіка, выбарка — 1603 чалавекі з 45 рэгіёнаў, памылка статыстычнай выбаркі не перавышае 3,4%.

Раней паведамлялася, што ўкраінцы масава пачалі вывучаць ваенную справу і абыходжанне са зброяй. Стралковыя клубы перапоўненыя, не хапае нават інструктараў.

Паводле ru.tsn.ua