«Ісламская дзяржава» ўзяла адказнасць за тэракт у Лондане
Экстрэмісцкая групоўка "Ісламская дзяржава" ўзяла на сябе адказнасць за напад на людзей у Лондане, ахвярамі якога сталі сем чалавек.
![Напад адбыўся ў раёне Лонданскага моста. Фота EPA Напад адбыўся ў раёне Лонданскага моста. Фота EPA](/img/v1/images/_96345853_f98650c3_0531_47dc_9c07_e073858e44ba.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Напад адбыўся ў раёне Лонданскага моста. Фота EPA
Паведамленне пра гэта было распаўсюджана праз звязанае з джыхадзістамі інфармацыйнае агенцтва “Амак”.
Брытанская паліцыя ўжо заявіла, што ўстанавіла асобы нападнікаў, аднак пакуль не стала іх агучваць.
"Ісламская дзяржава" часта бярэ на сябе адказнасць за тэрарыстычныя акты ў Еўропе, нават калі відавочнай сувязі паміж злачынцамі і ІД не прасочваецца.
Паліцыя і ўлады Брытаніі ніяк не пракаментавалі заяву джыхадзістаў.
Нагадаем, увечары ў суботу ў цэнтры Лондана фургон, які рухаўся на высокай хуткасці, наехаў на тратуар і збіў некалькіх пешаходаў. Фургон праехаў па мосце і спыніўся недалёка ад размешчанага побач з мостам рынку “Бора”. З машыны выскачылі мужчыны і пачалі з нажамі нападаць на мінакоў.
Паліцыя паведаміла, што тых, хто нападаў было трое, усе яны былі забітыя паліцыянтамі, што прыбылі на месца здарэння. Усяго з моманту званка ў паліцыю пра напад да нейтралізацыі ўсіх трох тэрарыстаў прайшло каля васьмі хвілін.
Паводле ВВС