МЗС Беларусі: Рашуча асуджаем чарговыя варварскія напады ў Лондане

МЗС Беларусі ў кантакце з уладамі Вялікабрытаніі высвятляе, ці ёсць беларусы сярод пацярпелых падчас тэрактаў у Лондане. Пра гэта знешнепалітычнае ведамства паведаміла на сваёй афіцыйнай старонцы ў "Твітэры".

mzs_0.jpg


МЗС заклікала беларусаў, якія знаходзяцца ў Вялікабрытаніі, «звязацца з роднымі ў Беларусі, выконваць указанні ўладаў і пазбягаць месцаў масавага збору людзей».
Таксама знешнепалітычнае ведамства рашуча асудзіла «чарговыя варварскія напады ў Лондане».«Спачуваем родным і блізкім ахвяр тэрарыстаў, жадаем мужнасці народу Брытаніі», — гаворыцца ў паведамленні.
Адразу тры напады былі ўчыненыя ў Лондане ў суботу ўвечары. Спачатку мікрааўтобус на поўнай хуткасці ўрэзаўся ў натоўп на Лонданскім мосце. Пазней некалькі чалавек напалі з нажамі на людзей у раёне Бора-маркета. Яшчэ адзін інцыдэнт адбыўся ў раёне Воксхол, аднак паліцыя паведамляе, што гэта здарэнне не звязана з двума іншымі нападамі.
Інцыдэнты на мосце і ў Бора-маркеце былі кваліфікаваныя як тэракты.
Паводле інфармацыі брытанскіх СМІ, мінімум сем чалавек загінулі, каля 50 параненыя.
Позна ноччу ў раёне Бора-маркета прагучала некалькі выбухаў. Пакуль невядома, ці былі гэта кантраляваныя паліцыяй выбухі, ці чарговы напад.
У нядзелю прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй збярэ надзвычайны камітэт. Тэракты адбыліся ўсяго за чатыры дні да парламенцкіх выбараў.
Два тыдні таму тэракт адбыўся ў Манчэстэры пасля канцэрта амерыканскай спявачкі Арыяны Грандэ. Ахвярамі сталі 22 чалавекі, сярод якіх шмат дзяцей і падлеткаў. 22 сакавіка тэракт быў учынены на Вестмінстэрскім мосце ў Лондане. Аўтамабіль урэзаўся ў натоўп пешаходаў. Ахвярамі сталі чатыры чалавекі.
Паводле БелаПАН