Яго савецкая жонка

Адным з наступстваў перамогі Віктара Януковіча на выбарах прэзідэнта Украіны стала гарачая палеміка ў грамадстве вакол пытання, ці здольная ягоная жонка Людміла Януковіч выконваць функцыі першай лэдзі краіны? Пра гэта і іншыя аспекты публічнага і інтымнага жыцця ўкраінскіх палітыкаў журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з кіеўскім палітолагам Уладзімірам Задзіракам.

— Наколькі важны інстытут першай лэдзі ў палітыцы і грамадскім жыцці Украіны?



9d7311ba459f9e45ed746755a32dcd11.jpg

Адным з наступстваў перамогі Віктара Януковіча на выбарах прэзідэнта Украіны стала гарачая палеміка ў грамадстве вакол пытання, ці здольная ягоная жонка Людміла Януковіч выконваць функцыі першай лэдзі краіны? Пра гэта і іншыя аспекты публічнага і інтымнага жыцця ўкраінскіх палітыкаў журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з кіеўскім палітолагам Уладзімірам Задзіракам.
— Наколькі важны інстытут першай лэдзі ў палітыцы і грамадскім жыцці Украіны?

— Гэты інстытут ва Украіне вельмі слаба развіты. Жонкі прэзідэнтаў Кучмы і Краўчука былі прадуктамі савецкай сістэмы, дзе жанчына павінна была не праяўляць ініцыятыву, а заставацца ў ценю мужа. Не кажучы пра тое, што правілаў дыпламатычнага этыкету і замежных моваў яны не ведаюць. Баюся, што не толькі беларускаму абывацелю, аднак нават украінскаму нічога не скажуць імёны Людміла Кучма і Антаніна Краўчук. Кантрастам тут выглядае Кацярына Юшчанка. Яна часта з’яўлялася на публіцы, не баялася даваць інтэрв’ю, ярка апраналася. У яе, безумоўна, ёсць густ. Аднак усё тлумачыцца вельмі проста: Кацярына — былая грамадзянка ЗША. Яна вырасла ў часы сексуальнай рэвалюцыі на Захадзе, у выніку якой з’явіўся новы жаночы кодэкс. Менавіта тады стала модна быць адукаванай, самастойнай, цікавіцца палітыкай і культурай.
— Наколькі вядома, ніякага асаблівага жадання ў Людмілы Януковіч паказвацца на публіцы няма?
— З самага пачатку палітычнай кар’еры мужа яна ніколі не з’яўлялася на элітных прыёмах або рознага кшталту публічных акцыях. Толькі ў 2004 годзе, падчас выбарчай кампаніі, палітычныя тэхнолагі Партыі рэгіёнаў спрабавалі даць нейкі годны адказ актыўнай і напорыстай Кацярыне Юшчанка. Людміла пачала свяціцца як кіраўнік і патрон дабрачыннага праекту «Ад сэрца да сэрца». У рэпартажах і інтэрв’ю краіна пабачыла пажылую кабету з моцнымі рэлігійнымі перакананнямі, адзетую па модзе савецкіх часоў, якая да таго ж думала савецкімі катэгорыямі. Яна дастаткова слаба разумела правілы піяру: тэксты  яе выступаў былі яўна напісаныя не ёй, прычым дрэнна. Аднак само грамадства было не нашмат лепшым, таму, як гаворыцца, «піпл хаваў». Пакуль у лістападзе, ужо падчас падзей на Майдане, Людмілу не пусцілі да мікрафона на мітынгу ў Данецку.
— Гэты эпізод добра вядомы ва Украіне. Аднак для нашых чытачоў варта распавесці больш падрабязна.
— Паралельна кіеўскаму Майдану Партыя рэгіёнаў вырашыла арганізаваць бела-сіні майдан у Данецку. Там была сцэна, на якой у падтрымку Януковіча выступалі розныя палітыкі, артысты, прадстаўнікі працоўных калектываў. Неяк запрасілі і Людмілу, якая толькі прыехала са сталіцы. Яе выступ стаў сапраўдным падарункам для «аранжавых». Запіс таго выступу адразу выклалі ў інтэрнэт, яго капіравалі на дыскі, з яго зрабілі музычны кліп. Спадарыня Януковіч агучыла ўсе самыя дурныя данецкія страшылкі пра Майдан. Напрыклад, яна паклялася, што ўсе апельсіны, якія раздаюцца ў Кіеве, наколатыя вірусам менінгіту. А напрыканцы Людміла яшчэ паспрабавала нешта спяваць. Усё гэта нагадвала пародыю на Верку Сярдзючку. Прычым вельмі дрэнную. Януковіч адразу пасля той прамовы схаваў жонку далей ад журналістаў.
— Ці з’яўлялася Людміла Януковіч на публіцы пасля таго скандальнага выпадку?
— Пяць гадоў пра яе не было нічога чуваць. Хіба што адносіны ўнутры сям’і Януковічаў часта згадвалі як прыклад вернасці і маралі. Магчыма, вы ведаеце, што ўкраінскую эліту ўвесь час страсаюць сексуальныя скандалы? Можна згадаць, напрыклад, выпадак, калі галоўны камуніст збег ад жонкі да маладой журналісткі. Апошні раз Людміла выйшла на публіку ў верасні мінулага года, калі наведвала адзін з данецкіх тэатраў. І зноў скандал. Трэба было ж прыйсці ёй туды, калі на сцэне паказвалі мужчынскі стрыптыз. Артысты ігралі шахцёраў, якім з-за крызісу не плацяць заробкі, і якія з-за гэтага вырашылі падацца ў стрыптыз. Людміла Януковіч вытрымала толькі першы акт. Пасля дэманстратыўна сышла з тэатру. Гэта яшчэ больш падагрэла інтрыгу наконт таго, як, калі і ў якой іпастасі яна з’явіцца на публіцы ў наступны раз. Новая «аранжавая» апазіцыя тым часам актыўна намагаецца прадставіць Людмілу як абсалютна савецкую жанчыну, якая сваімі паводзінамі і заявамі адразу дыскрэдытуе Украіну.
— Ці ёсць падставы казаць, што Януковіч будзе і далей падчас прэзідэнцкай кадэнцыі хаваць сваю «другую палову»?
— Беларускі варыянт абмяркоўваецца ў прэсе. Аднак большасць мадэльераў і стылістаў кажуць, што «кліента» можна выратаваць. Людміла магла б змяніць савецкія фасоны на класічныя еўрапейскія жаночыя касцюмы а-ля Маргарэт Тэтчэр. Плюс зразумець свае абавязкі і рамкі дазволеных дзеянняў. Напрыклад, не дазваляць сабе выказваць асабістую думку, тым больш на тэмы ўнутранай і міжнароднай палітыкі. Прынамсі на першым этапе.
Даведка:
Людміла Януковіч нарадзілася ў 1949 годзе, закончыла Макееўскi інжынерны інстытут. Пазнаёмілася з будучым мужам у 1969 годзе падчас… разгрузкі цэглы на металургічным заводзе ў Енакіева. Адна з цаглін упала ёй на нагу. Дзяўчыну адвялі ў бытоўку газаўшчыкаў, дзе яна сустрэла Віктара Януковіча. Апошні пашкадаваў Людмілу і прапанаваў ёй вады. У 1972 годзе Людміла і Віктар пабраліся шлюбам. У іх ёсць сыны — Аляксандр і Віктар.