КНДР. Усе паўночнакарэйскія сайты заблакаваныя

На сайтах прыхільнікаў ідэй Чучхэ з’явілася жудасная навіна. Пачынаючы прыкладна з 15 сакавіка ў заходніх краінах ніводны з сайтаў з даменам кр (сайты КНДР) не адчыняецца. Праблемы з доступам на паўночнакарэйскія старонкі зафіксаваныя ў Расіі і Украіне (у Беларусі веб-рэсурсы КНДР працуюць, аднак з перабоямі).



224633_506x285.jpg

Адсюль чучхэісты робяць глабальную выснову: «Відавочна, што мы маем справу з прымітыўнай інфармацыйнай блакадай КНДР з боку так званага «свабоднага свету». «Свабодны свет» нястомна насміхаецца з так званай «прымітыўнай паўночнакарэйскай прапаганды». «Калі гэта сапраўды толькі прапаганда, і калі яна так прымітыўная, тады адкуль у вас такі жывёльны, такі панічны страх перад ёй, спадары?», — кажуць прыхільнікі Чучхэ.

У сувязі з вышэй апісаным прагназуецца забарона на Захадзе ўсіх матэрыялаў з Паўночнай Карэі, за распаўсюд якіх, быццам, будуць нават саджаць у турму. Як выйсце прапануецца стварэнне так званых інтэрнэт-шлюзаў, праз якія можна абыходзіць інтэрнэт-блакаду і атрымліваць праўду. Не зразумела толькі адно: нашто заходнім урадам хаваць ад сваіх грамадзян навіны з КНДР? Так, за 15 сакавіка галоўнай навіной на адным з афіцыйных сайтаў КНДР быў рэпартаж пра наведванне правадыром Кім Чэн Ынам рыбнай фермы, падчас якога лідар даў мудрыя інструкцыі наконт уладкавання чырвонага кутка.

Паводле замежнай прэсы