Паўночная Карэя. Будзе прытулак піратам?

Як вядома, кіраўніцтва Паўночнай Карэі даўно думае, як зрабіць брыдасць Захаду. І вось, здаецца, прыдумала. На мінулым тыдні ў інтэрнэце з’явілася плётка пра тое, што Пхеньян гатовы даць прытулак сайту The Pirate Bay. The Pirate Bay — у мінулым адзін з самых вядомых сайтаў для вольнага абмену файламі.



prw_170x_of_32cf3362c97184b344fda310209d799a.jpg

Іншымі словамі, праз яго можна было пампаваць аўтарскія ліцэнзійныя праграмы і прадукцыю. Сайт у зеніце сваёй актыўнасці быў 75-м па папулярнасці сайтам на планеце. У 2009 годзе супраць The Pirate Bay з падачы некаторых музычных кампаній была распачата крымінальная справа, якая закончылася турэмным прысудам для яго арганізатараў. І вось цяпер паўночныя карэйцы, быццам, гатовыя аднавіць дзейнасць сайта ў сваім сегменце інтэрнэта, прычым пад патранатам дзяржавы.

Навіна прымусіла музычных прадзюсараў, дырэктараў крамаў, якія гандлююць аўтарскімі дыскамі, пацягнуцца за аспірынам. Аднак хутка стала вядома, што стваральнікі The Pirate Bay, якія засталіся на свабодзе, нічога пра гэту ініцыятыву не чулі. Прэса мяркуе, што плётку пра The Pirate Bay запусцілі самі ўлады КНДР.

Паводле брытанскай прэсы