Пераапранутыя дыпламаты ЗША ўдзельнічалі ў акцыях апазіцыі

Міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў сцвярджае, што пераапранутыя амерыканскія дыпламаты былі заўважаныя на мітынгах расійскай апазіцыі.

359882.jpg


Лаўроў заявіў пра гэта ў аўторак на прэс-канферэнцыі ў Маскве. З якой мэтай супрацоўнікі амбасады ЗША нібыта так робяць, кіраўнік расійскага МЗС не ўдакладніў, паведамляе svoboda.org.
Паводле слоў Лаўрова, бывалі нават выпадкі, калі амерыканскія дыпламаты апраналі парыкі і пераапраналіся ў жаночую вопратку, каб паспрабаваць пракрасціся на расійскія аб'екты. А супрацоўнікі ваеннага атташата амерыканскай амбасады, як сцвярджае расійскі міністр, «вельмі любяць ездзіць» па Расіі на арандаваных аўтамабілях са звычайнымі расейскімі нумарамі.
Кіраўнік МЗС Расіі таксама паведаміў аб нібыта меўшай месца спробе спецслужбаў ЗША завербаваць супрацоўніка расейскай амбасады ў Вашынгтоне. Аднаму з дыпламатаў падклалі ў машыну 10 тысяч даляраў з прапановай аб супрацоўніцтве, сказаў Лаўроў, дадаўшы, што грошы былі перададзеныя ў бухгалтэрыю міністэрства.
Амерыканскія прадстаўнікі пакуль не пракаментавалі заявы Лаўрова.
29 снежня прэзідэнт ЗША Барак Абама ўвёў санкцыі супраць расейскіх выведслужбаў, іх кіраўнікоў, некалькіх расійскіх фірмаў і грамадзян. Са Злучаных Штатаў таксама былі высланы 35 расійскіх дыпламатаў. У заяве Белага дома гаварылася, што рашэнні прынятыя ў адказ на ўмяшальніцтва расійскіх хакераў у ход прэзідэнцкай кампаніі ў ЗША і ў адказ на пераслед супрацоўнікаў амерыканскай амбасады ў Расіі.
Паводле
svoboda.org.