Масавыя пратэсты ў Тунісе супраць ісламісцкага ўраду
У аўторак у Тунісе прайшлі найбуйнейшыя за два тыдні дэманстрацыі апазіцыі. Дзясяткі тысяч дэманстрантаў, якія запоўнілі вуліцы ў цэнтры сталіцы краіны, патрабуюць адстаўкі пераходнага ўраду, у якім дамінуе ісламісцкая партыя «Энагда» і роспуску парламенту.
![39508269_2e4a_44af_b1fa_dcda8cfc35e4_w640_r1_s.jpg 39508269_2e4a_44af_b1fa_dcda8cfc35e4_w640_r1_s.jpg](/img/v1/news/full/39508269_2e4a_44af_b1fa_dcda8cfc35e4_w640_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пратэстоўцы вінавацяць кіруючую партыю ў тым, што яна патурае стварэнню ў краіне атмасферы, спрыяльнай для дзеянняў ісламскіх радыкалаў.
За апошнія паўгода былі забітыя два вядомыя прадстаўнікі ліберальнай апазіцыі, у ліпені ваеўнікі забілі шэсць салдатаў. Нагодай да правядзення апошніх пратэстаў
у сталіцы краіны стала прыпыненне дзейнасці парламенту. Яго старшыня Бэн Джаафар заявіў, што праца парламенту будзе адноўленая пасля таго, як будзе адноўлены дыялог паміж апазіцыяй
і кіруючай партыяй. Некаторыя з парламентараў узялі ўдзел у пратэстах.
Некалькі дзён таму масавую дэманстрацыю правялі прыхільнікі ісламісцкай партыі «Энагда», у ёй удзельнічалі 150 тысяч чалавек. Гэта была самая буйная падобная акцыя
з часу зрынання ў 2011 годзе туніскага прэзідэнта Бэн Алі. Яго падзенне стала пачаткам «арабскай вясны».