На кожнага нованароджанага ў Літве прапануюць выплачваць па 10 000 еўра

З мэтай павышэння ўзроўню нараджальнасці ў Літве на кожнага нованароджанага з наступнага года прапануюць выплачваць па 250 базавых пражытачнага мінімуму (у наступным годзе гэта 10 000 еўра).

pixabay.com

pixabay.com

Такія папраўкі зарэгістравалі члены фракцыі літоўскай Партыі працы. Яны спадзяюцца, што гэта рашэнне палепшыць паказчык нараджальнасці ў Літве.
Аўтары праекту адзначаюць, што за апошнія 25 гадоў дэмаграфія Літвы значна змянілася, колькасць жыхароў рэзка скарачаецца. Маштабы міграцыі за апошнія два гады зменшыліся, але Літва ўваходзіць у лік краін ЕС і свету, дзе насельніцтва ў апошні час хутка скарачаецца.
"Нараджальнасць і павелічэнне верагоднай працягласці жыцця мяняюць узроставую піраміду ў Літве: скарачаецца колькасць дзяцей, моладзі і людзей сярэдняга ўзросту. Прагнозы ААН паказваюць, што Літва займае другое месца ў спісе краін, насельніцтва якіх значна скароціцца да 2050 года", — сказана ў тлумачэнні да дакумента.
У ім адзначана, што ў 2010-2019 гадах колькасць жыхароў Літвы скарацілася на 347 800 чалавек.
"У Літве скарачаецца колькасць жыхароў працаздольнага ўзросту, а колькасць пенсіянераў расце. У бліжэйшы час колькасць пажылых людзей значна павялічыцца. Гэта будзе дадатковым цяжарам для людзей працаздольнага ўзросту, паколькі ім давядзецца фінансаваць сацыяльныя паслугі для грамадства, што старэе. Значна скарацілася не толькі колькасць працаздольнага насельніцтва, але і дзяцей 0-15 гадоў", — адзначаюць аўтары праекту.
Па іх словах, у 2019 годзе ў краіне нарадзіліся 27 400 дзяцей, 20 гадоў таму нарадзілася 34 100 немаўлятаў.
Паводле дзеючага закона аб выплатах, цяпер на кожнае дзіця выплочваюць 11 базавых выплат (у 2020 годзе гэта 429 еўра, а ў 2021 — 440 еўра).
delfi.lt