Новы прэзідэнт Егіпта прынёс прысягу ў Каіры

У сталіцы Егіпта прайшла цырымонія інаўгурацыі новага прэзідэнта краіны, генерала Абдэля Фатаха Сісі. Новы прэзідэнт прынёс прысягу ў будынку Вышэйшага Канстытуцыйнага суда ў Каіры, дзе ў сувязі з цырымоніяй павышаны меры бяспекі, перадае DELFI.



pr2.jpg

59-гадовы Сісі перамог на выбарах, набраўшы амаль 97% галасоў.
 

Генерал Сісі адыграў ключавую ролю ў адхіленні ад улады папярэдняга прэзідэнта ісламістаў Мухамеда Мурсі, пасля звяржэння якога ён набыў шырокую падтрымку насельніцтва.
 

Пасля адхілення Мурсі партыя "Браты-мусульмане", ад якой Мурсі вылучаўся на прэзідэнцкі пост, была абвешчаная тэрарыстычнай і забаронена.
 

Пасля звяржэння Хосні Мубарака, які трымаў уладу 30 гадоў, егіпцяне спадзяваліся на дэмакратычныя рэформы, аднак цяпер для многіх важней бяспека і стабільнасць.
 

У той жа час крытыкі новага прэзідэнта кажуць, што Абдэль Фаттах Сісі — гэта яшчэ адзін аўтарытарны лідэр, які будзе абараняць інтарэсы ваенных і не дапусціць іншадумства.
 

Яго галоўным прыярытэтам будзе аднаўленне эканомікі, якая вельмі пацярпела ў выніку трох гадоў беспарадкаў і палітычнага хаосу. Усе гэтыя падзеі прывялі да рэзкага скарачэння патоку турыстаў у Егіпет і палохаюць патэнцыйных інвестараў у егіпецкую эканоміку.