Пасланнік Крамля ва Украіне: знік і адразу ж знайшоўся
Уладзімір Лукін прыляцеў ва Украіну нібыта для перамоваў аб вызваленні назіральнікаў АБСЕ і тут жа стаў фігурантам крамлёўскай правакацыі.
Спецпрадстаўнік прэзідэнта Расіі Уладзімір Лукін сёння накіраваўся ва Украіну для вядзення перамоваў аб вызваленні захопленых раней замежных ваенных назіральнікаў, паведаміла прэс-служба Крамля.
«Пасля пачатку карнай аперацыі ўкраінскіх сілавых ведамстваў расійскі бок не мог усталяваць сувязь з Уладзімірам Лукіным», — паведамілі ў Адміністрацыі прэзідэнта Расіі. У прыватнасці, пра гэта казаў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.
У той жа час, расійскія СМІ паведамілі, што Лукін нікуды не знікаў. Памочніца Лукіна Наталля Мірза пацвердзіла, што з экс-амбудсменам Расіі ўсё ў парадку. «З Лукіным усё ў парадку. Адкуль такая інфармацыя — не ведаю. Я не сачу — у мяне выходныя», — паведаміла Мірза у каментары РИА «Новости».
Кіраўнік групы «Інфармацыйны супраціў» Дзмітрый Тымчук на сваёй старонцы ў Facebook таксама пацвердзіў, што са «зніклым» пасланнікам усё ў парадку. «Вельмі хутка пасля нашага тлумачэння прычын «знікнення» расійскай дэлегацыі ў Данецкай вобласці г- н Лукін «знайшоўся». Перад гэтым пасля нашага паведамлення аб арганізацыі «мэрам» Славянска Панамаровым жывога шчыта для тэрарыстаў, «мэр» тэрмінова выступіў з відэазваротам, у якім заклікаў жыхароў Славянска сядзець дома», — напісаў Тымчук.
Раней Тымчук паведамляў, што задача расійскай дэлегацыі — зрабіць гучныя абвінаваўчыя заявы па «грубейшым парушэнні правоў чалавека».
Нагадаем, што Лукін прадстаўляў Расію на перамовах з экс-прэзідэнтам Віктарам Януковічам і тагачаснай апазыцыяй у лютым, але дасягнутых тады дамоўленасцяў не падпісаў. Зараз Масква старанна абвінавачвае цяперашнюю ўкраінскую ўладу ў невыкананні гэтых не падпісаных Лукіным дамоўленасцяў.
Паводле Лігабізнесінформ