Польшча адзначае Дзень незалежнасці

Польшча адзначае самае галоўнае дзяржаўнае свята — Дзень незалежнасці. 101 год таму Польшча аб’явіла дзяржаўную незалежнасць. Сёння ва ўсёй краіне праходзяць патрыятычныя ўрачыстасці.

slide_1.jpg


Сёння ў Польшчы адзначаецца Свята незалежнасці. У 1918 не толькі Польшча, але і іншыя народы абвясцілі сваю незалежнасць пасля развалаў імперыяў у час Першай сусветнай вайны.

Чаму акурат Польшчы, а не Украіне ці Беларусі, удалося яе ўтрымаць, тлумачыць беларускі гісторык Аляксандр Краўцэвіч:

— Польская дзяржава ўзнікла рэальна, абаранілася ад усіх, перамагла ў вайне з бальшавікамі. Заслуга першай Рэчы Паспалітай, той палітыцы контррэфармацыі, паланізацыі добраахвотнай шляхты ў ХVII–XVIII стагоддзях. Гэта нашчадкі той шляхты, якая ўжо ў канцы XVIII стагоддзя з усёй Рэчы Паспалітай, з Украінай, Беларуссю, Летувай, не толькі з Польшчай, адчувала сябе палякамі. Вось яны гэтую дзяржаву і стварылі.

Аляксандр Краўцэвіч

Аляксандр Краўцэвіч

З нагоды Дня незалежнасці сёння, 11 лістапада, польскі парламент змогуць наведаць усе ахвотныя. З 10-й да 16-й гадзіны можна будзе пазнаёміцца, у прыватнасці, з рознымі заламі ніжняй палаты парламенту. Даступныя для наведвальнікаў будуць нават тыя месцы, якія ў звычайныя дні закрытыя для свабоднага доступу.

Па словах Мікалая Калушкі з канцылярыі Сейму, выключнай падзеяй стане адкрыццё кабінета старшыні. Нельга забываць, што гэта месца, дзе працуе другая асоба ў дзяржаве.

У сваю чаргу, у вышэйшай палаце – Сенаце – наведвальнікі змогуць убачыць зал пленарных пасяджэнняў, фае, залы пасяджэнняў камітэтаў вышэйшай палаты, дзе захоўваюцца памятныя рэчы былых старшыняў.

Паводле Беларускае Радыё Рацыя