Прэзідэнт Філіпін збіраецца сябраваць з Кітаем і Расіяй «супраць усяго свету»

ЗША і іншыя краіны ашаломленыя апошнімі заявамі прэзідэнта Радрыга Дутэртэ пра "расстанне" з ЗША і дружбу "супраць усяго свету" з Кітаем і Расіяй. Пра гэта заявіў намеснік дзяржсакратара ЗША Дэніэл Расэл падчас візіту на Філіпіны.

Намеснік дзяржсакратара ЗША па Усходняй Азіі і Ціхаакіянскага рэгіёну Дэніэл Расэл у Маніле. Фота REUTERS

Намеснік дзяржсакратара ЗША па Усходняй Азіі і Ціхаакіянскага рэгіёну Дэніэл Расэл у Маніле. Фота REUTERS


Расэл — самы высокапастаўлены амерыканскі дыпламат у Азіі — сказаў, што заявы прэзідэнта Дутэртэ ствараюць "атмасферу нявызначанасці" наконт намераў Філіпін.

Радрыга Дутэртэ раней у адказ на крытыку яго метадаў барацьбы з наркабізнесам заявіў, што надышоў час "развітацца з ЗША", традыцыйным саюзнікам Філіпін.

Абвешчаная Дутэртэ вайна наркагандлярам абярнулася тысячамі пазасудовых забойстваў. Гэта занепакоіла ЗША, пра што намеснік дзяржсакратара Расэл нагадаў і падчас візіту ў Манілу.

"Я нагадаў [міністру замежных спраў] Ясаю, што чарада спрэчных заяў і атмасфера нявызначанасці адносна намераў Філіпін ашаламляе шэраг краін, а не толькі маю", — сказаў Расэл. "І, як я адкрыта сказаў міністру замежных спраў, вашыя сябры заклапочаныя і гібеллю людзей, звязанай з кампаніяй супраць наркотыкаў", — дадаў амерыканскі дыпламат.

 

Прэзідэнт Філіпін Радрыга Дутэртэ Фота AFP

Прэзідэнт Філіпін Радрыга Дутэртэ Фота AFP



Прэзідэнт Філіпін Радрыга Дутэртэ за чатыры месяцы знаходжання на пасадзе зрабіў некалькі заяваў, якія ЗША і Еўропа палічылі варожымі.

"Я мяняю саюзнікаў у вашым ідэалагічным парадку, і, магчыма, я наведаю і Расію, каб сказаць Пуціну, што з гэтага часу мы ўтрох — Кітай, Філіпіны і Расія — супраць астатняга свету. Іншага шляху няма", — сказаў Дутэртэ ў кастрычніку на эканамічным форуме ў Кітаі.

"Я абвяшчаю, што расстаюся са Злучанымі Штатамі. Як у ваенных адносінах… так і ў эканоміцы. Амерыка прайграла", — заявіў Дутэртэ.

ЗША ў адказ папрасілі Дутэртэ патлумачыць, што ён меў на ўвазе, адзначыўшы, што такая заява супярэчыць духу блізкіх адносін паміж Злучанымі Штатамі і Філіпінамі.

Нагадаем, ЗША ў самым канцы XIX стагоддзя купілі Філіпіны ў Іспаніі па выніках іспана-амерыканскай вайны, пасля чаго Філіпіны спачатку былі залежнай тэрыторыяй, а затым аўтаноміяй у складзе ЗША.

Падчас Другой сусветнай вайны Філіпіны былі акупаваны японцамі, затым ЗША адваявалі іх і адразу — у 1946 годзе — далі незалежнасць.

З тых часоў ЗША і Філіпіны знаходзяцца ў саюзніцкіх адносінах. Пры гэтым апытанні паказваюць, што філіпінцаў, якія станоўча адносяцца да ЗША, у разы больш, чым тых, хто сімпатызуе Кітаю, у чые саюзнікі мае намер падацца Дутэртэ.

Дэніэл Расэл падкрэсліў, што ЗША вітаюць наладжванне сувязей паміж Філіпінамі і Кітаем, але не лічаць, што гэта павінна адбывацца за кошт стасункаў з ЗША і іншымі краінамі.

Радрыга Дутэртэ ўступіў на пасаду прэзідэнта ў чэрвені. Ён тут жа абвясціў вайну наркабізнесу, заахвочваючы пры гэтым пазасудовыя забойствы меркаваных наркагандляроў.

ЗША і Еўропа моцна крытыкавалі Дутэртэ, а ён стаў адказваць ва ўсё больш раздражнёным тоне, і ў выніку паслаў прэзідэнта Барака Абаму да д'ябла, а Еўрасаюз — у чысцец.

Паводле ВВС