Аліна Талай пераехала ў Амерыку

Знакамітая бягуння Аліна Талай пераехала ў Амерыку і збіраецца выступіць на Алімпіядзе — 2020.

Фотаздымак Reuters

Фотаздымак Reuters


Аліна Талай няўдала выступіла на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра. Беларуска расцэньвалася як адна з галоўных фаварытак, аднак у паўфінале зачапіла бар'ер і ў фінал не выйшла.
Пасля Алімпійскіх гульняў Талай пачынала думаць пра заканчэнне кар'еры, але ў выніку пастанавіла прадоўжыць яе. Аліна сышла ад аўстрыйскага трэнера Піліпа Уінфрыда і пераехала ў ЗША, у гарадок Брадэнтан у Флорыдзе, дзе цяпер трэніруецца з трэнерам у хуткасці Ларэнам Сігрэйвам. У свой час ён працаваў з алімпійскімі чэмпіёнамі ў бегу на розныя дыстанцыі – Донаванам Бэйлі і Паўлінай Дэвіс-Томпсан, з расейскай скакунняй у даўжыню Дар'яй Клішынай.
Сама Аліна Талай пракаментавала сваю пастанову ў інтэрв'ю «Трыбуне».
— Аліна, як цябе закінула ў Амерыку?
— Пасля Алімпійскіх гульняў у маім жыцці адбыліся невялікія змены. Я пастанавіла памяняць трэнера.
— Вось гэта паварот.
— Не хачу паглыбляцца ў гэтую гісторыю. Мы проста не сышліся з Філіпам Уінфрыдам у поглядах на далейшую падрыхтоўку.
— Але ўсё ж такі, што адбылося?
— У нас яшчэ да Алімпіяды сталі ўзнікаць значныя рознагалоссі. Ён аддаваў перавагу сілавому падыходу ў трэніровачным працэсе, які даў вынік у першы год сумеснай працы, калі я стала бронзавай прызёркай чэмпіянату свету. Але потым Філіп мяне «задушыў» фізічнай падрыхтоўкай. Мне гэта не падабалася, з'явіліся рознагалоссі. Рассталіся без скандалаў, па-сяброўску. Мы ж ужо дарослыя людзі.
— І з кім ты працуеш цяпер?
— З амерыканцам Ларэнам Сігрэйвам, адным з найлепшых спід-коўчаў у свеце. У свой час ён працаваў з алімпійскімі чэмпіёнамі ў бегу на розныя дыстанцыі – Донаванам Бэйлі і Паўлінай Дэвіс-Томпсан, з расейскай скакунняй у даўжыню Дар'яй Клішынай. Сігрэйв папулярны сваімі лекцыямі, майстар-класамі. Ён распрацаваў сістэму падрыхтоўкі спартоўцаў, паводле якой цяпер працуюць многія спецыялісты. Упершыню з ім пазнаёмілася вясной, калі прыехала рыхтавацца да Алімпіяды ў Брадэнтан, што ў Флорыдзе. Ужо пасля Рыа я сама звязалася з Ларэнам, пацікавілася, ці можна папрацаваць пад ягоным кіраўніцтвам. Ён пагадзіўся. Так я адважылася на пераезд у Амерыку.
— Заробак трэнеру давядзецца плаціць са сваёй кішэні?
— Вядома, але ў гэтым пытанні мне моцна дапамагае наш Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі, пэўныя затраты гатовая кампенсаваць Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі. Аплачваць у поўным аб'ёме працу трэнера я не змагу. Паслугі трэнера каштуюць нятанна.
— Жывеш у тым самым Брадэнтане?
— Так, дзялю кватэру разам з італьянскай бягунняй. Трэніруюся пры мясцовай спартовай акадэміі, у якой акрамя лёгкай атлетыкі развіваюць амерыканскі футбол, гольф, тэніс. Што тычыцца забаваў, Брадэнтан – мястэчка маленькае. Акрамя пляжу і мора тут нічога няма. Адпачыць можна ў Арланда або Маямі. Але да гэтых гарадоў дзве-тры гадзіны язды на машыне.
— Калі дадому збіраешся?
— У студзені. Праўда, доўга ў Беларусі не буду. Зраблю ў Менску новую візу і назад вярнуся ў ЗША – рыхтавацца да чэмпіянату свету.