Пуціна не запросяць на саміт G20 у Інданэзію

Заходнія лідары пераканалі інданэзійскага прэзідэнта не пускаць у сваю краіну на лістападаўскі саміт «Вялікай дваццаткі» Уладзіміра Пуціна. Пра гэта паведаміў па выніках саміту краін «Вялікай сямёркі» італьянскі прэм'ер Марыё Драгі.

scale_1200_60.webp


Пытанне, як не дапусціць удзелу Пуціна ў найбуйнейшай міжнароднай сустрэчы, сур'ёзна турбавала еўрапейцаў і амерыканцаў. Яны казалі пра тое, што не хацелі б аказацца за адным сталом з гаспадаром Крамля, але і адмаўляцца з-за яго ад удзелу ў важным мерапрыемстве таксама не хацелі.

Першапачаткова прэзідэнт Інданэзіі Джока Відода паклікаў на першы пасля пачатку вайны саміт «дваццаткі» і Пуціна, і Зяленскага. Але сёння стала вядома, што Пуціна на Балі ўсё ж не пусцяць.

Прэм'ер-міністр Італіі Марыё Драгі заявіў журналістам, што ўлады Інданезіі не дазволяць Пуціну паўдзельнічаць у саміце 15-16 лістапада. «Джока Відода катэгарычна выключыў удзел прэзідэнта Расіі ў «дваццатцы», Пуцін не прыедзе», — сказаў Драгі на прэс-канферэнцыі пасля завяршэння саміту «Сямёркі».

Відаць, гэта адбылося пасля таго, як заходнія лідары асабіста пагутарылі з Відода, запрошаным на саміт «Сямёркі» ў якасці госця, і знайшлі аргументы, чаму на Балі лепш абысціся без Пуціна.