Расійская гісторыя засталася без татара-мангольскага ярма

Савет Расійскага гістарычнага таварыства канчаткова ўхваліў канцэпцыю адзінага падручніка гісторыі.



На сайце Расійскага гістарычнага таварыства 30 кастрычніка апублікаваная канцэпцыя новага вучэбна-метадычнага комплексу па айчыннай гісторыі, якая ў лістападзе будзе прадстаўленая прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну. Навукоўцы, у прыватнасці, прыбралі з курсу словазлучэнне «татара-мангольскае ярмо», вызначылі, чаму будзе прысвечаны раздзел найноўшай гісторыі, а таксама пазначылі прыкладны пералік цяжкіх пытанняў гісторыі Расіі.
 
 
У тлумачальнай запісцы да дакумента адзначаецца, што неабходнасць стварэння новага падручніка «дыктуецца, перш за ўсё, развіццём сусветнай гістарычнай навукі, назапашваннем новых гістарычных ведаў, узрослай грамадскай цікавасцю да падзей мінулага».
 
 
Рэалізацыя канцэпцыі прадугледжвае не толькі падрыхтоўку вучэбна-метадычнага комплексу, які складаецца з вучэбнай праграмы курса, падручніка, метадычных дапаможнікаў, кніг для настаўніка, камплекту мапаў і электронных дадаткаў, але і «фармаванне адзінай навукова-адукацыйнай прасторы ў інтэрнэце».
 
 
Аўтары канцэпцыі таксама лічаць, што яе распрацоўка патрэбная для «фармавання грамадзянскай ідэнтычнасці падрастаючага пакалення, забеспячэння кансалідацыі і адзінства расейскага народа».
 
 
Навукоўцы сфармулявалі некаторыя рэкамендацыі, якія могуць быць пакладзены ў аснову новых вучэбна-метадычных комплексаў. У прыватнасці, выкладчыкі павінны данесці да сваіх вучняў, што мінулае Расеі «было неад'емнай часткай гістарычнага працэсу», а выкладанне матэрыялу ў падручніку «павінна фармаваць у навучэнцаў каштоўнасныя арыентацыі, накіраваныя на выхаванне патрыятызму, грамадзянскасці і талерантнасці». Пры гэтым важную частку комплексу павінны складаць творчыя заданні, якія спрыяюць развіццю самастойнага мыслення вучняў. Большую ўвагу рэкамендуецца надаваць гісторыі расійскай культуры.
 
 
У новы вучэбна-метадычны комплекс увойдуць падручнік, хрэстаматыя альбо зборнік дакументаў, гістарычны атлас, рабочы сшытак і зборнік заданняў, а таксама кніга для чытання. Гэтыя матэрыялы будуць прадстаўлены як у папяровым, так і ў электронным выглядзе.
 
 
Адзіны падручнік па гісторыі будзе ахопліваць перыяд з рассялення славян па Усходне-Еўрапейскай раўніне да выбараў прэзідэнта РФ, якія адбыліся ў сакавіку 2012г. У гісторыі Старажытнай Русі і Расійскай імперыі ў выкладанні аўтараў канцэпцыі прынцыповых зменаў не прасочваецца, аднак ёсць шэраг цікавых момантаў: напрыклад, у гэтым канспекце паняцце «татара-мангольскае ярмо», верагодна, у рамках выхавання талерантнасці ў школьнікаў, было заменена на словазлучэнне «ардынскае ярмо».
 
 
Класічным варта прызнаць і падыход да ацэнкі падзей савецкага і ельцынскага перыяду. Пры гэтым аўтары дакумента падкрэсліваюць, што цяперашні кіраўнік дзяржавы Уладзімір Пуцін у рамках свайго першага і другога прэзідэнцкіх тэрмінаў здолеў стабілізаваць сітуацыю ў краіне і ўмацаваць вертыкаль улады, што спрыяла эканамічнаму росту. Пераемнасць улады ў РФ ацэньваецца гісторыкамі нейтральна. Ці будзе адлюстраваная ў новым падручніку пратэстная актыўнасць расійцаў, з тэксту канцэпцыі не ясна, аднак раней паведамлялася, што пра некаторыя важныя падзеі - напрыклад, пра мітынгі «За сумленныя выбары» і пра «Балотную справу» - школьнікі ўсё ж даведаюцца.
 
 
У рамках вывучэння найноўшай гісторыі ім таксама трэба будзе вывучыць такія паняцці, як «шокавая тэрапія», «ваўчар», «сямібанкіршчына», «чаўночны гандаль», «ісламскі радыкалізм» і гэтак далей.
 
 
У ліку персаналій, якіх складальнікі канцэпцыі бачаць на старонках будучага падручніка, ёсць не толькі палітыкі і вайскоўцы, але і дзеячы культуры і навукі. У гэты спіс увайшлі, напрыклад, пісьменнікі Барыс Акунін і Віктар Пялевін, скульптар Зураб Цэрэтэлі, лідар гурта «ДДТ» Юрый Шаўчук, актрыса Чулпан Хаматава, нобелеўскія лаўрэаты Жарэс Алфёраў, Віталь Гінзбург і Аляксей Абрыкосаў і іншыя.
 
 
Да цяжкіх пытанняў расійскай гісторыі былі аднесеныя, напрыклад, утварэнне Старажытнарускай дзяржавы і роля варагаў у гэтым працэсе, далучэнне Украіны да Расіі, пераўтварэнні Пятра I, ацэнка прыгоннага права, падзенне манархіі ў Расіі і прыход да ўлады бальшавікоў, адзінаўладдзе Сталіна і прычыны рэпрэсій і інш. Апошнім цяжкім пытаннем аўтары канцэпцыі лічаць «прычыны, наступствы і ацэнку стабілізацыі эканомікі і палітычнай сістэмы Расеі ў 2000-я гг.».
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: