Расійскі суд прызначыў Google першы ў гісторыі абаротны штраф — 7,2 мільярда рублёў
Суд у Расіі прызначыў Google першы ў гісторыі абаротны штраф. Цяпер кампанія павінна выплаціць 7,2 мільярда расійскіх рублёў.
Карпарацыя Google павінна выплаціць 7,2 мільярда рублёў за тое, што не быў прыбраны забаронены кантэнт. Такое рашэнне вынес суддзя судовага ўчастка № 422 Таганскага раёна.
Кампанія Google прызнаная вінаватай паводле артыкула 13.41 КаАП Расіі (паўторнае здзяйсненне правапарушэння, звязанага з невыдаленнем уладальнікам сеткі "Інтэрнэт" інфармацыі, калі абавязак па яе выдаленні прадугледжаны заканадаўствам РФ).
Расійскае заканадаўства прадугледжвае за такое правапарушэнне так званы “абаротны” штраф. Для юрыдычных асоб — ад 5 да 10% сукупнага памеру выручкі, атрыманай за каляндарны год, які папярэднічае году, у якім было выяўлена адміністрацыйнае правапарушэнне.
Норма аб абаротных штрафах з'явілася ў расійскім заканадаўстве ў канцы 2020 года. Да рашэння па Google яна ні разу не ўжывалася.
У канцы верасня Раскамнагляд прыгразіў абаротным штрафам кампаніі Facebook. Праз некалькі дзён яна выдаліла кантэнт, які выклікаў прэтэнзіі ведамства, — пры гэтым у Раскамнаглядзе заявілі, што штраф усё роўна можа быць накладзены, бо кампанія не ўклалася ў тэрміны, прадугледжаныя заканадаўствам.
За невыдаленне забароненага ў Расіі кантэнту неаднаразова былі аштрафаваныя Telegram, Facebook, Twitter і TikTok.
Большая частка прэтэнзій Раскамнагляду да сацсетак звязаная з адмовай выдаляць кантэнт, звязаны з пастамі аб пратэстных акцыях у падтрымку палітыка Аляксея Навальнага.
Паводле meduza.io