Расійскі віцэ-прэм’ер прапанаваў не знішчаць санкцыйныя прадукты, а есці

Санкцыйныя прадукты ў Расіі знішчаюць з 2015 года. Прадукты расціскаюць бульдозерамі і абліваюць зялёнкай, а пастаўшчыкоў часам садзяць за краты, нагадвае «Радыё Свабода».

6ff585a7_acbc_468e_b1b1_1cf467143940_w1023_r1_s.jpg


Віцэ-прэм’ер Расіі Аляксей Гардзееў падтрымаў прапанову «Расспажыўнагляду» аб альтэрнатыве знішчэнню канфіскаваных прадуктаў харчавання, якія падпадаюць пад расійскія «антысанкцыі», піша «Настоящее время».

«Мне здаецца, прадукты харчавання знішчаць – гэта ў прынцыпе няправільна, — адзначыў Гардзееў. — Іншая справа іх канфіскоўваць і далей думаць, як іх выкарыстоўваць менавіта па прызначэнні як прадукты харчавання, зрабіўшы адпаведныя аналізы. На будучыню, гэта патрабуе абмеркавання».

Таксама ідэю есці харчы падтрымаў Савет развіцця грамадзянскай супольнасці і правоў чалавека пры прэзідэнце Расіі. Савет, акрамя таго, прапанаваў таксама спрасціць працэдуру перадачы на дабрачыннасць прадуктаў, у якіх заканчваецца (але яшчэ не скончыўся) тэрмін прыдатнасці.

«Антысанкцыі» дзейнічаюць у Расіі з 2014 года, прадукты знішчаюць з 2015-га. У Расію забараняюць увозіць мяса, рыбу, малочныя прадукты, садавіну і гародніну з ЗША, Еўрасаюза і шэрагу іншых краінаў як адказ за санкцыі, звязаныя з акупацыяй Расіяй украінскага Крыму і вайной на Данбасе. Паводле звестак на мінулы жнівень, у Расіі знішчылі 26,4 тысячы тонаў санкцыйных прадуктаў.

Санкцыйныя прадукты расціскаюць бульдозерамі і абліваюць зялёнкай, а пастаўшчыкоў часам садзяць за краты.

Расійскі бок неаднаразова абвінавачваў беларускія ўлады ў пастаўках санкцыйных прадуктаў пад выглядам беларускіх, у тым ліку крэветак, манга і папаі. Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў у пастаўках санкцыйных прадуктаў расіян з «цяжкімі пагонамі».

www.svaboda.org