Рунэт і нашы геі

Адной з галоўных тэмаў на расійскіх форумах была запушчаная «Беларускім партызанам» інфармацыя пра тое, што ў беларускі Крымінальны кодэкс збіраюцца вярнуць артыкул пра гомасэксуалізм. Прапануем агляд расійскай блогасферы.



22147617.jpg

Агучаны сайце «Беларускі партызан» 10-гадовы тэрмін турэмнага пакарання за гомасэксуальныя адносіны і 5-гадовы — за прапаганду гомасэксуалізму, шмат каму з рускіх падаўся занадта мяккім. Гамафобы з суседняй краіны лічаць, што ў дачыненні да грамадзян РБ іншай сэксуальнай арыентацыі павінны быць ужытыя больш суровыя меры.

«Лукаш малайчына! Але лепш, я думаю, расстрэл! Яшчэ можна забіць камянямі, як у старажытнасці, а таксама ёсць яшчэ адзін варыянт — прымушаць іх капаць каналы, валіць лес, такі ГУЛАГ невялікі адкрыць!» — піша блогер Дзмітрый Працэнка. «Даеш блакітныя зоны і печы!» (Ігар Александроўскі). А вось думка блогера Надзі Сідаравай: «Усіх гомасэксуалістаў выслаць на бязлюдны востраў, каб жылі там. Праца з іх зробіць чалавека».

Аднак у большасці пастоў, якія пакінулі ў сеціве славянскія браты, рэагуючы на навіны з Беларусі, прысутнічае захопленасць нашым кіраўніком. «Бацька руліць! Даўно час. Гомасэксуалістаў за краты, злодзеяў да сценкі!» (Pixsa). «Бацька — прыгажун, не дае нацыі выраджацца!» (Do4a.сom Tolerance public). «Малайчына, я б яшчэ на кол садзіў бы гэтых п…аў. Бацька, рэспект табе» (Улад Сценін). «Каб Лукашэнка да 100 000 гадоў жыў!)» (Alyona Varikas).

Натуральна, не абышлося без каментараў, кшталту: «Нам бы такога лідара». Арцём Волкаў піша: «Рыгорыч — малайчына! Сячэ талерантнасць у зародку))) .... Змяніць б нам цара Уладзіміра Нафтавага ды князя ўсяе фэйсбуку і твітара Дзімона на Бацьку МТЗаўскага, МАЗаўскага і Хроснага БелАЗа».

У салідных СМІ лічаць, што падстава такіх змяненняў у КК — асабістая антыпатыя беларускага лідара да сэксменшасцяў. Вядома, што Аляксандр Лукашэнка раней неаднаразова выказваў сваё рэзкае асуджэнне аднаполых адносін. У сувязі з гэтым выданне «Росбалт» піша: «Увогуле, культурна-палітычны бэкграўнд для крыміналізацыі гомасэксуалізму ў Беларусі ёсць. Але ісці ў разрэз з агульнасусветнымі тэндэнцыямі, якіх прытрымліваліся нават у Расіі, Лукашэнка не адважваўся. А цяпер Пуцін даў калегу выдатную медыя-нагоду... Здаецца, Бацька проста знайшоў удалы момант для рэалізацыі сваіх персанальных комплексаў».

Некаторыя блогеры пабачылі тут руку Масквы. Alex Efimov піша: «Гэтая ідэя Вялікага Брата. Няўжо не зразумела, што Расіі патрэбны саюзнікі ў гэтым пытанні, Гэта, напэўна, яму сябры з Крамля сказалі, каб ён першым увёў артыкул, каб удар Захаду прыйшоўся на Беларусь. А потым і Расія прыме, ужо са спасылкай на Беларусь».

А вось Аnka Mesherskaja на сайце gay.ru лічыць, што Мінск проста жадае гандляваць правамі геяў з Захадам, як раней палітвязнямі. Аnka Mesherskaja развівае гэты тэзіс: «У Лукашэнкі адмоўны гандлёвы баланс, крэдыт МВФ яму не даюць, эканоміка вось-вось апынецца ў калапсе з чарговай дэвальвацыяй беларускага «зайчыка». Калі Лукашэнка вырашыў паказытаць Захад наконт правоў геяў, то ён дарэмна гэта робіць. Калі гэтая навіна — не правакацыя «Белпартызана», а ўцечка ад Лукашэнкі, то гэта дрэнны знак перш за ўсё для беларусаў. Значыць, кепскія справы ў беларускай эканоміцы».

Некаторым расійскім блогерам тэма геяў яўна пачынае надакучваць. 4Man Гес: «Закон супраць п…аў прыняць значна прасцей, чым, напрыклад, з эканомікай пачаць пытанні вырашаць або з наркатрафікам і алкагалізмам. Гамафобія — гэта ОК. Тое, што яе выкарыстоўваюць для адцягнення ўвагі ад галоўных праблем, — гэта не ОК. Вось навошта ў Беларусі саджаць п…аў? Лепш бы думалі, як маладой сям’і хату пабудаваць без продажу ныркі аднаго з сужонкаў».

Асобная катэгорыя каментатараў — тыя, хто не можа зразумець, як у ХХІ стагоддзі можна на практыцы рэалізоўваць такія цемрашальскія прававыя акты. Блогер Міхаіл Фельдман адзначае: «Каб прыцягнуць да адказнасці хоць бы 10% парушальнікаў гэтага закона, давядзецца ў спальні кожнага грамадзяніна ўсталяваць «жучкі» або схаваную камеру. Атрымліваем чарговае мёртванароджанае тварэнне заканадаўцаў. Плодзячы невыканальныя законы, дзяржава распісваецца ва ўласнай прафнепрыдатнасці. А значыць, паступова губляе павагу ўласных грамадзян». Іншы блогер Уладзіслаў Васільеў піша: «Яны там зусім звар’яцелі? Як можна забараняць фізічнае адхіленне? Давайце яшчэ забаронім і на грып хварэць!»

Некаторыя пішуць, што цяпер Лукашэнка стане асабістым ворагам феміністак. Яны, быццам, ніколі не прабачыць яму тое, што караць у РБ будуць толькі геяў, а лесбіянак пакінуць на волі (пра лесбіянак у матэрыяле «Белпартызана» няма ні слова). Некаторыя баяцца, што штогадоваму фестывалю «Славянскі базар» у Віцебску цяпер прыйдзе канец. Сярод рускіх папулярны міф пра тое, што прадстаўнікі іх поп-сцэны пагалоўна практыкуюць нетрадыцыйны сэкс, і таму папросту пабаяцца ехаць у Беларусь, каб не трапіць пад новы артыкул КК. А блогер nalya_om баіцца імпарту беларускага заканадаўства ў Расію, сыходзячы са свайго бытавога вопыту: «Нап’юцца два мужыкі, прачнуцца ў адным ложку))) Такое бывала ва ўсіх. І хоць нават апранутыя, можна саджаць!»

У выніку аказалася, што падстаў для такога напалу эмоцый няма. Ніякага закону пра крыміналізацыю аднаполага сэксу ў Беларусі, быццам, не будзе. Адразу ў рунэце знайшлі новы занятак: спрачацца, каму была патрэбна правакацыя. Думку большасці агучыў блогер cpl_willy: «Гэта інфармацыйны ўкід, задача якога — сарваць няпростыя перамовы беларускіх уладаў з кіраўніцтвам Еўрасаюзу: Аляксандр Лукашэнка ўсімі сіламі імкнецца адвесці эканамічныя і палітычныя санкцыі з боку ЕС і ЗША».

Праўда, задумацца ўсё роўна ёсць пра што. Калі разглядаць апісаную гісторыю як нейкі зандаж расійскай грамадскай думкі на прадмет прыняцця беларускімі ўладамі акту пра пакаранне гомасэксуалістаў, то можна зрабіць наступную выснову: з’яўленне ў айчынным КК артыкула пра забарону аднаполых сэксуальных кантактаў, сапраўды, здольнае выклікаць у расійскай супольнасці свежы прыліў сімпатый да нашага рэжыму.

Аднак рызыкі тут відавочныя. Гаворка нават не пра адмоўную рэакцыю на Захадзе. Значная частка расійскай супольнасці, якая трымаецца гамафобных настрояў, вельмі агрэсіўная і яўна гатовая дзейнічаць, ігранаруючы рамкі прававога поля. Апошнім часам у Расіі было забіта ўжо сем грамадзян, што падаліся падобнымі да геяў ці сапраўды былі геямі. З улікам таго, што Дзярждума і далей штампуе антыгейскія законы, наўрад ці градус істэрыкі, а значыць, і статыстыкі злачынстваў на гэтай глебе, будзе падаць. Больш за тое: усё больш расіян баяцца, што атмасфера нянавісці ў хуткім часе справакуе пагромы ліберальнай інтэлігенцыі і іншаземцаў. Думаецца, наўрад ці якому палітыку хацелася, каб забойцы і пагромшчыкі займаліся злачынствамі, прыкрываючыся яго імем.