У Лёндане пахаваны слынны беларускі літаратуразнаўца Андрэй Каляда
Слынны беларускі літаратуразнаўца, перакладнік і мэтар культуры беларускага маўленьня Андрэй Каляда памёр 13 кастрычніка ў Менску, але ягоны прах быў пахаваны 18 лістапада на Бромптанскіх могілках у Лёндане. У брытанскай сталіце жыве дачка Андрэя Каляды — Натальля Каляда з мужам Мікалаем Халезіным.
Сьціплая і сардэчная цырымонія разьвітаньня адбылася ў могілкавай капліцы. Службу правёў сьвятар Сяргей Стасевіч. Цяпер на слынных лёнданскіх могілках зьявілася новае беларускае места ўшанаваньня памяці і наведваньня. Апрача могілкі Андрэя Каляды ў Бромптанскім нэкраполі пахаваныя іншыя слынныя асобы: лідарка брытанскага суфражысцкага руху Эмэлін Панкгерст, пісьменьнік і стваральнік слова «фальклёр» Уільям Томс, мастак Валенцін Прынсэп, палярны дасьледнік Эдвард Белчэр, геалягіня Шарлота Мэрчысан і іншыя.
Навуковец і пэдагог пакінуў важны, просты і такі аптымістычны запавет беларусам, многія зь якіх у час беларускага гвалту і вайны зусім побач згубілі арыентыры: «Трэба жыць — рабіць сваё, а не існаваць, не дажываць».