У Варшаве адбудзецца сустрэча Абамы і Парашэнкі
Прэзідэнт ЗША Барак Абама пачаў еўрапейскае падарожжа з візіту ў Варшаву. Тут чакаецца ягоная сустрэча з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.
Фота Wikipedia/PAP/EPA/Michael Reynolds
Па словах палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, у час еўрапейскага турнэ будзе выпрацаваны сцэнар дапамогі Украіне.
— У час еўрапейскага турнэ Абамы, ва Украіне знаходзіцца буйная ваенная дэлегацыя ЗША на чале з намеснікам міністра абароны, якая вывучае канкрэтныя пытанні дапамогі Украіне.
Віцэ-прэзідэнт ЗША прыедзе ва Украіну на інаўгурацыю новаабранага прэзідэнта. Ён сустрэнецца з украінскімі лідарамі для абмеркавання праграмы Пятра Парашэнкі і сітуацыі на ўсходзе Украіны. Сярод тэм сустрэч — абмеркаванне шляхоў магчымай дапамогі ЗША Украіне ў барацьбе з карупцыяй, узмацненне дэмакратычных інстытутаў і аднаўленне эканомікі.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя