Украінскія ўлады не здолелі аднавіць кантроль над усходам (фота)
Украінскія ўлады не здолелі аднавіць кантроль над Данецкай і Луганскай абласцямі напярэдадні абвешчанага сепаратыстамі рэферэндуму.
Фота Reuters
На 11 траўня сепаратысты Данбасу абвясцілі пра правядзенне рэферэндуму аб стварэнні Данецкай і Луганскай народных рэспублік, без спісу выбаршчыаў і без участкаў для галасавання. Плебісцыт будзе праводзіцца ў рэгіёне дзе ідуць баі ды дзейнічаюць узброеныя групоўкі.
Украінцы спрабавалі ліквідаваць баевікоў, але не здолелі. Яны спыніліся на подступах да Славянска, у прыгарадах Краматорска. Учора Нацыянальная гвардыя пакінула Марыупаль.
Фота Reuters
* * *
У Марыўпалі забіты начальнік гарадскога ўпраўлення дзяржаўтаінспекцыі Украіны Віктар Саенка.
Пра гэта напісаў у Фэйсбуку дэпутат Вярхоўнай Рады Алег Ляшко. Саенка моцна пацярпеў у выніку нападу на будынак мясцовай адміністрацыі 8 траўня.
Па дадзеных абласнога дэпартамента аховы здароўя, падчас учорашніх сутыкненняў урадавых сіл і баевікоў з ліку сепаратыстаў загінулі 7 чалавек, яшчэ 39 параненыя.
У Данецку вызвалілі супрацоўнікаў Чырвонага крыжа, якіх напярэдадні ўзялі ў закладнікі.
“Каля другой гадзіны ночы іх адпусцілі. Аднаго моцна пабілі, ён у шпіталі”, — распавяла супрацоўніца офіса Чырвонага Крыжа ва Украіне Ірына Царук. Нагадаем, учора ўвечары баевікі захапілі офіс міжнароднай дабрачыннай арганізацыі ў цэнтры Данецка.
Як паведамілі супрацоўнікі арганізацыі, невядомыя ўзялі ў закладнікі 7 супрацоўнікаў дабрачыннай арганізацыі. Усе сямёра — мужчыны. Жанчын, якія прысутнічалі ў офісе, адпусцілі. Трое з выкрадзеных — валанцёры арганізацыі з Кіева, адзін француз, трое — жыхароў Данецка. Усе яны прыбылі ў данецкі офіс з мэтай дастаўкі медыкаментаў, паведамляе “Інтерфакс-Україна”.