Ва Украіне прыняты закон аб забароне ўвозу і распаўсюджання кніг з Расіі і Беларусі

Забарона не закране кніг, выдадзеных у часы СССР ці раней.

4e97204391cc169b001537ac5dfe1e30.jpeg

Вярхоўная Рада Украіны большасцю галасоў прыняла законапраект аб забароне ўвозу і распаўсюджання ва Украіне кніг, у аўтараў якіх было ці застаецца пасля 1991 года расійскае грамадзянства, а таксама іншай друкаванай прадукцыі з Расіі, Беларусі, а таксама з акупаваных тэрыторый.
Выключэнні прадугледжаны для кніг і выданняў, якія ўвозяцца фізічнымі асобамі ў асабістым багажы не для распаўсюджання.
Забарона таксама не закране кніг, выдадзеных у часы СССР ці раней.
Акрамя таго, як адзначае «Інтэрфакс-Украіна», закон прапануе ўзмацніць абмежаванні на выдавецкую прадукцыю антыўкраінскага зместу, спыніць распаўсюджанне такой ва Украіне — у прыватнасці, нейтралізаваць пагрозы масавага друку ва Украіне кніг расійскіх аўтараў, стварэнне ва Украіне другой зоны капірайту на пераклады на рускую мову папулярнай літаратуры, а таксама ўвоз адпаведнай літаратуры з трэціх краін.
З 1 студзеня 2023 года ўсе кнігі будуць выдавацца і распаўсюджвацца на дзяржаўнай украінскай мове, мовах карэнных народаў Украіны і афіцыйных мовах Еўрапейскага саюза.