Харкаў зноў становіцца прыфрантавым горадам

Расія спрабуе прабіцца да Харкава і зрабіць яго прыфрантавым горадам, заявіў у нядзелю дарадца кіраўніка МУС Украіны Вадзім Дзенісенка.

download_272.jpg

Пра гэта ж напярэдадні казаў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч, папярэджваючы, што найбліжэйшым часам жыхароў горада чакаюць абстрэлы.
«Харкаў не возьмуць жалезна. Тут можна не хвалявацца. Іншая справа, што біць па Харкаве будуць яшчэ некаторы час», — сказаў Арастовіч у сваім штодзённым выступе на YouTube-канале «Фейгін.Live».
Паводле яго слоў, у Белгарадскай вобласці на мяжы з Украінай сабрана 5-7 расійскіх батальённа-тактычных груп, а таксама штурмавікі і верталёты, што ў выпадку іх увядзення ў дзеянне можа даставіць Харкаву вялікія непрыемнасці, паставіўшы яго пад пагрозу масіраваных удараў палявой артылерыі.
«Харкаўчанам трэба быць асцярожнымі і разумець, што яны зноў сталі прыфрантавым горадам», — дадаў Арастовіч.
Мінулай ноччу амерыканскі Інстытут вывучэння вайны паведаміў, што на поўнач ад Харкава працягваюцца баявыя дзеянні па адціску ўкраінскіх войскаў ад мяжы з Расіяй, але расійскія вайскоўцы не дабіліся там значных поспехаў, што робіць іх пазіцыі ўразлівымі для ўкраінскага контрнаступлення і «партызанскага ціску».
Раней на гэтым тыдні праваабарончая арганізацыя Amnesty International выпусціла даклад, абвінаваціўшы Расію ў выкарыстанні забароненых касетных бомбаў для абстрэлаў жылых кварталаў Харкава.