Мы вымушаныя абмежаваць датацыі «Белсату» з-за павялічэння конcульскіх выдаткаў
Міністр замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі пацвердзіў намер скараціць датацыі «Белсату».

У сваім «Твітэры» ён напісаў:
«Польскі ўрад не ёсць уладальнікам «Белсату». Мы абмяжоўваем датацыі канала з прычыны павелічэння консульскіх выдаткаў».
У пазнейшых твітах палітык патлумачыў, што МЗС мае намер адкрыць за мяжой новыя польскія консульствы і патроіць дапамогу для сырыйскіх уцекачоў на Блізкім Усходзе.
«Белсат» мае магчымасць рэфармавацца, мае магчымасць шукаць новых спонсараў», — напісаў міністар Вашчыкоўскі.
Тэлеканал «Белсат» ёсць часткаю польскай грамадскай тэлевізіі TVP. Скарачэнне датацыяў МЗС, на думку дырэктаркі каналу Агнешкі Рамашэўскай, азначае фактычнае закрыццё «Белсата», паколькі TVP не ў стане самастойна фінансаваць спадарожнікавы тэлеканал для Беларусі.
Паводле крыніцы польскай газеты Dziennik, старшыня праўлення TVP Яцэк Курскі «не жадае ўвайсці ў гісторыю як далакоп каналу».
«Ён лабіюе на карысць «Белсату», але разумее, што рашэнне з боку МЗС прымае само ведамства, — цытуе ананімную крыніцу выданне Dziennik».
Паводле Радыё Свабода