Вітальд Вашчыкоўскі пра Белсат: «Не хачу, але мушу»
Кіраўнік польскага вонкавага палітычнага ведамства ў інтэрв’ю TVN24 раскрыў новыя аргументы скарачэння фінансавання «Белсату». У той жа час дырэктар каналу ўсцяж не атрымала афіцыйнага дакументу ў справе памеру датацыяў.

Вітальд Вашчыкоўскі. Фота: dziennik.pl
У чацвер тэлеканал TVN24 запытаў міністра замежных справаў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага, ці ўрад мае намер скласці «Белсат» у ахвяру дачыненняў на лініі Варшава–Менск.
«Нічога пра гэта не ведаю, — адказаў Вашчыкоўскі. — Польскі ўрад — не ўладальнік «Белсату», і я — не ўладальнік, а толькі адзін з донараў».
На пытанне пра скарачэнне фінансавання з боку МЗС, заявіў, што «не хачу, але мушу — як казаў класік».
Раней у інтэрв’ю часопісу Wprost міністр заяўляў, што абмежаванне вяшчання «Белсат» было б часткаю дамовы з беларускімі ўладамі.
Аднак сёння кіраўнік польскага МЗС патлумачыў, што гэта абумоўлена міжнароднай сітуацыяй і каштоўнымі выклікамі, якія стаяць перад польскай дыпламатыяй. Сярод іх Вашчыкоўскі назваў стварэнне новых кансулатаў, тэлефоннага цэнтру для палякаў, якія жывуць у Вялікай Брытаніі або павелічэнне дапамогі для сірыйскіх уцекачоў на Блізкім Усходзе.
«Цяпер мы абмяжоўваем толькі датацыі, але мы не ўладальнікі «Белсату». «Белсат» мае магчымасць правесці рэформы, можа шукаць іншых донараў — у польскім урадзе або ў бізнесе, а таксама донараў за мяжой. Мы не можам вырашаць лёс «Белсату», — заявіў Вашчыкоўскі.
Апроч гэтага міністр дадаў, што беларускія ўлады паабяцалі пусціць у краіне польскія тэлеканалы «Палонія» і «Культура».
Аднак, нядаўна прэсавы сакратар беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык абвесціў, што беларускія ўлады толькі збіраюцца правесці аналіз магчымасці ўключэння польскага тэлебачання ў пакет беларускіх кабельных сетак.
Барацьба за існаванне «Белсату» працягваецца.
Паводле belsat.eu