Віктар Януковіч у Расіі — нелегальны мігрант

Міністэрства замежных спраў Расіі не можа растлумачыць, чаму былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч да гэтага часу знаходзіцца на тэрыторыі Расіі ў парушэнне закона, які абмяжоўвае бесперапыннае знаходжанне на тэрыторыі краіны для замежнікаў 90 днямі на працягу паўгода. Пра гэта сказаў афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Аляксандр Лукашэвіч у чацвер на брыфінгу ў Маскве.



300yan.jpg

«Наконт Віктара Фёдаравіча Януковіча — тут мне цяжка даваць нейкія каментары, паколькі чалавек у свой час звярнуўся з просьбай аб забеспячэнні яго асабістай бяспекі, і такія гарантыі і магчымасці былі прадастаўлены», — перадае словы Лукашэвіча Укрінформ.

«Што тычыцца трохмесячнага тэрміну, я павінен зверыцца з нашымі экспертамі па заканадаўстве і ўдакладніць. Напэўна, мы дадаткова зможам вас праінфармаваць на гэты конт», — дадаў прадстаўнік МЗС РФ.

Нагадаем, Януковіч збег з рэзідэнцыі Межыгор’е пад Кіевам 21 лютага, потым хаваўся на ўсходзе Украіны і ў Крыме, а 28 лютага даў першую прэс-канферэнцыю ў расійскім Растове-на-Доне. Калі нават знаходжанне Януковіча ў Расіі лічыць ад даты ягонай прэс-канферэнцыі, то тэрмін яго знаходжання на тэрыторыі Расіі ўжо пераваліў за 90 дзён.

Як вядома, 1 студзеня 2014 года ў Расіі ўступіў у сілу Федэральны закон «Аб унясенні змяненняў у артыкул 27 Федэральнага закона «Аб парадку выезду з Расійскай Федэрацыі і ўезду ў Расійскую Федэрацыю» і артыкул 5 Федэральнага закона «Аб прававым становішчы замежных грамадзян у Расійскай Федэрацыі». Згодна з дакументамі, тэрмін часовага знаходжання ў РФ замежнага грамадзяніна, які не мае патрэбы ў атрыманні візы (у тым ліку грамадзянін Украіны), не можа перавышаць 90 сутак сумарна на працягу кожнага перыяду ў 180 сутак.