Венгрыя пагражае зачыніць мяжу з Сербіяй

Цалкам зачыніць мяжу з Сербіяй паабяцала Венгрыя. Урад у Будапешце занепакоены масавым наплывам бежанцаў з Сірыі і Іраку праз сербскую тэрыторыю, паведамляе www.dw.de.



0_17884935_303_00.jpg

Уцекачы з Ірака

Урад Венгрыі ў сувязі з масавым наплывам бежанцаў з Сірыі, Ірака і Афганістана разглядае магчымасць закрыцця мяжы з Сербіяй. "Мы не лічым правільным, што яны адпраўляюць да нас бежанцаў, яны павінны заставацца на сербскай тэрыторыі", — заявіў прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан у інтэрв'ю дзяржаўнаму радыё ў пятніцу, 12 чэрвеня.

"Мы разглядаем усе магчымыя опцыі, у тым ліку поўнае закрыццё межаў", — сказаў венгерскі прэм'ер. Венгрыя ўваходзіць у Шэнгенскую зону, Сербія — прэтэндуе на сяброўства ў ЕС. У пачатку ліпеня запланавана венгерска-сербская сустрэча ў вярхах з мэтай абмеркавання праблемы бежанцаў.

У мінулым годзе ў Венгрыю прыбыла каля 43 тысяч уцекачоў, у той час як у 2012 — толькі дзве тысячы.

У гэтым годзе ў Венгрыю перабраліся ўжо 54 тысячы бежанцаў, урад у Будапешце мяркуе, што да канца года іх колькасць павялічыцца да 130 тысяч. Паводле афіцыйных дадзеных, 95 адсоткаў бежанцаў прыбываюць у Венгрыю праз Сербію, паведамляе агенцтва AFP.