Алена Зуй-Вайцяхоўская: «У Беларусі я б не мела магчымасці казаць пра тыя праблемы, пра якія мне хочацца казаць»

Акторка і спявачка Алена Зуй-Вайцяхоўская, вядомая многім па хіце «Шчучыншчына», распавядае пра новы серыял «Давай его дождёмся», разважае пра фемінізм і месца жанчын у свеце і дзеліцца сваім досведам эміграцыі.

Кадр з кліпа «Цяпер гэта Мы»

Кадр з кліпа «Цяпер гэта Мы»

Вы памятаеце Алену Зуй-Вайцяхоўскую па суперхіце з 2020-га, але ёсць у яе і іншыя праекты — нядаўна прадставіла сатырычны серыял «Давай его дождёмся» пра жонак мабілізаваных, робіць уласную музыку і агучвае кніжкі. «Наша Ніва» пагутарыла з Аленай пра жыццё пасля «Шчучыншчыны» — выезд з Беларусі пасля пагрозаў, дачку, якая не дазваляе аддаваць мінскія рэчы, што сталі малыя, і ролю жанчын у наш час.

«Нам навязваюць пачуццё нянавісці адно да аднаго, і прапаганда цалкам нясе за гэта адказнасць»

— Выйшла ўжо тры серыі вашага праекта «Давай его дождёмся». Як вам тое, што атрымалася?

— Лічу, што мы здолелі перадаць тое, што задумалі. Гэта мой першы сур’ёзны досвед, калі ў тваіх думках з’яўляецца нейкі свет і ты яго даносіш да іншых, таму вельмі рада, што ў нас з Нэлай Агрэніч, маёй суаўтаркай, з’явілася такая магчымасць, і што мы змаглі давесці гэтую справу да канца. Бачу па каментарах ужо да першай серыі, усяго іх будзе тры, што ў людзях адгукаецца такая іронія і сатыра, і шмат для каго гэтая тэма важная, наша выказванне мае значэнне.

— Вайна і мабілізацыя — ці не надта сур’ёзныя тэмы для сатыры?

— Дык сатыра — гэта і ёсць іронія на сур’ёзныя тэмы. У дадатак, мы ж іранізіруем наконт прапаганды, намагаемся казаць, як прапаганда і патрыярхат, напрыклад, бачаць ролю жанчыны і сярэднестатыстычную сям’ю — як гэтая сям’я павінна выглядаць і рэагаваць на страшныя падзеі. Мне падаецца, што такая сатыра мае месца быць, каб людзі пабачылі з боку некаторыя рэчы і падумалі пра тое, што ім навязваецца.

— Чаму вы зрабілі праект менавіта пра расіянак і расійскі кантэкст?

— Таму што падзеі, якія цяпер адбываюцца ў Расіі, вельмі вострыя, і там прапаганда квітнее буйным колерам. На прыкладзе гэтай краіны бачна, як яна прамывае людзям мазгі, таму расійскі досвед дапамагае казаць пра тыя ж праблемы, што існуюць і ў нашай краіне. 

Дзякуй Богу, што цяпер нашых мужчын не забіраюць на вайну, але ж не вядома, што будзе заўтра. Як бы ні хацелася, каб у Беларусі быў мір, цягам гісторыі наша краіна не раз была ўцягнутая ў ваенныя разборкі, і цяпер вайна адбываецца побач з намі.

Глядзіце таксама

— Вы неяк расказвалі, што сабраць гэтую гісторыю ў адно вам дапамагло фота плаката з акупаваных украінскіх тэрыторый. Што гэта быў за здымак?

— Гэта быў адзін з трыгераў, што дапамаглі запусціць працу над сцэнаром. На гэтым білбордзе напісана «дзеці, кухня, царква» — гэта пратэстанцкі слоган, які ў свой час выкарысталі нямецкія фашысты, а раней ён быццам меў мірнае значэнне. На плакаце таксама размешчанае фота жанчыны ў хустцы — мабыць, гэта і ёсць ідэальная жанчына па мерках прапаганды: паслухмяная, думае пра дзяцей, кухню і Бога. Мабыць, ім бы не хацелася, каб яна думала пра нешта яшчэ.

— То-бок гэта не толькі антываенная гісторыя, але і гісторыя пра фемінізм?

— Напэўна. Мне падаецца, што шмат хто не зусім правільна разумее фемінізм, гэта рух пра барацьбу за правы чалавека, а не толькі за правы жанчыны. Фемінізм за тое, каб было добра і мужчынам, і жанчынам.

— Фемінізм — гэта пра свабоду?

— Так, і пра права выбару. Канешне, і пра роўныя правы для жанчын і мужчын, але не толькі пра гэта. Хацелася б, каб чалавек заставаўся чалавекам, каб яго не прымушалі ісці на вайну і ён мог сам рабіць высновы з жыцця і са сваіх стасункаў з іншымі. Нам навязваюць пачуццё нянавісці адно да аднаго, да іншых людзей, да іншаземцаў, і прапаганда цалкам нясе за гэта адказнасць. Я за тое, каб у чалавека было права самастойна рабіць высновы, каб дзяржава не выкарыстоўвала людзей у сваіх мэтах.

«У кампаніях са мной «Шчучыншчына» — гэта тэма для жартаў»

— Ці пішуць вам яшчэ пра «Шчучыншчыну»?

— Часам згадваюць яе ў каментарах на нашым канале «ЧынЧынЧэнэл», бачу, што ў людзей гэтая песня асацыюецца са мной, нават калі не ведаюць мяне. Цяпер я жыву ў Польшчы і нячаста сустракаю незнаёмых мне беларусаў, але калі такое здараецца, могуць нешта пытацца пра Шчучыншчыну, у кампаніях са мной гэта тэма для жартаў. 

Не так даўно ў нас з’явілася котка, і ў мяне была ідэя назваць яе Шчучыншчынай. Але ўсё-ткі я вырашыла, што гэта мой крыж у добрым сэнсе і яго павінна несці я, на котку я яго перакладаць не буду.

unnamed__1__67_1.webp

— Не крыўдна, што вас дагэтуль асацыююць з гэтай песняй?

— Не, чаму? Я рада, што ў свой час яна з’явілася, мабыць, гэта быў самы патрэбны для таго момант. Розных людзей гэтая песня аб’ядноўвала, дапамагала справіцца з тымі абставінамі, у якіх мы ўсе апынуліся, пасмяяцца і разам паспяваць. Гэта ж частка мяне.

— Ці ёсць у вас цяпер магчымасць яшчэ неяк сябе праявіць, акрамя працы на «ЧынЧынЧэнэле»?

— У нас з мужам ёсць музычны праект ZUI, і мы цяпер працуем над беларускамоўным альбомам, доўга яго выношвалі. Спадзяюся, што альбом ужо ў лютым пабачыць свет.

Таксама я граю у праекце CHÓR KOBIET, напрыканцы верасня мы прадставілі антываенны спектакль MATKI. PIEŚŃ NA CZAS WOJNY, у яго польская рэжысёрка Марта Гурніцка. У гэтым праекце ўдзельнічаюць беларускія, украінскія і польскія актрысы. Рада, што і я сярод іх, бо гэта магчымасць выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, у бліжэйшыя месяцы мы запланавалі шмат паказаў на фестывалях у розных краінах.

Глядзіце таксама

— Гледзячы па назве, гэта яшчэ адна жаночая гісторыя?

— Так, у мяне цяпер шмат такіх гісторый, і я гэтаму рада. Мабыць, надышоў такі ўзрост, калі захацелася прымаць удзел у такім, самой ствараць такія гісторыі і ўвогуле казаць пра тое, якую ролю жанчына грае і можа граць у жыцці, асабліва ў такія складаныя часы, як цяпер.

 І што гэта за роля?

— Мне падаецца, што жанчына мае агромністы міратворчы патэнцыял, часцей за ўсё жанчыны вырашаюць пытанні не праз сілу. Жанчына — гэта пра святло і спакой, пра яднанне з прыродай, пра ўдасканаленне гэтага свету і любоў да яго. У жанчыне закладзена вельмі шмат энергіі, каб дапамагаць нешта пражываць, вырашаць канфлікты мірным шляхам.

Таксама жанчына — гэта пра дом, яна сама можа ствараць адчуванне дому, да якога можна прыйсці і супакоіцца. Цяпер шмат людзей знаходзяцца далёка ад дому ці не адчуваюць сябе як дома, і жанчыны маюць патэнцыял, каб гэта лекаваць, ды і ўвогуле жанчыны больш эмпатычныя. Проста сістэма патрыярхату прымусіла і дагэтуль прымушае жанчыну забывацца пра тое, які ў яе ёсць патэнцыял, якую жанчына мае ў сабе моц, пра тое, што гэтым трэба карыстацца.

Фота «Белсат»

Фота «Белсат»

«Мабыць, у дачкі ёсць свая траўма з-за таго, што ў 5 гадоў ёй прыйшлося з’ехаць са сваёй краіны»

— Што падштурхнула вас і вашу сям’ю выехаць з Беларусі?

— Штурхавікі, якія вырашылі, што маюць на гэта права. Нам пачалі пагражаць, заставацца стала небяспечна. На жаль, не магу расказаць болей.

— Вы цяпер жывеце ў Варшаве. Які быў ваш шлях туды?

— Мы выехалі з Беларусі на некалькі тыдняў у Кіеў і вырашалі, дзе будзем жыць — у Кіеве ці, напрыклад, у Львове. Схіліліся да Львова, і гэта было цудоўнае рашэнне, нам вельмі спадабаўся Львоў. Да гэтага мы былі там як турысты, а тут прыехалі жыць і засталіся ў Львове трохі больш чым на паўгады, і ні разу не расчараваліся.

Бывае, што ты прыязджаеш у горад як турыст і табе ўсё падабаецца, а потым пераязджаеш туды і сутыкаешся са шматлікімі праблемамі. Але мы, калі пажылі ў Львове, толькі яшчэ больш улюбіліся ў яго, і шкада, што з-за вайны нам давялося раптоўна з’ехаць.

Фота «Наша Ніва»

Фота «Наша Ніва»

Пасля мы апынуліся ў Варшаве і вырашылі пераехаць у Беласток, пажылі там паўтары года. Але ў канцы лета 2023-га мы зразумелі, што хочацца болей варушняку і за гэтым варта ехаць у Варшаву. Таксама перабраліся сюды, бо Варшава нам часткова нагадвае Мінск, дзе мы з маім мужам нарадзіліся і жылі ўсё жыццё. Як высветлілася, мы з ім нарадзіліся ў адной радзільні і пасля нашы дзеці нарадзіліся там жа.

Мне пашчасціла, што я пераехала не адна, што мы перабраліся з Беларусі камандай аднадумцаў і прафесіяналаў, якія любяць жыццё, творчасць і іншых людзей. Здорава, што ў мяне ёсць такая каманда, як «ЧынЧынЧэнэл».

— Вы пісалі ў сацсетках, што падчас ад’езду з Львова забылі там мішку вашай дачкі. Што гэта за гісторыя?

— Сапраўды, у маёй дачкі Марыйкі ёсць мішка, які пакуль што жыве ва Украіне. Гэтага мішку ёй яшчэ ў Беларусі падарыў мой тата, яна вельмі палюбіла гэтага мішку і, як свайго сябра, забрала з сабой, калі мы былі вымушаныя выехаць з Беларусі. Я не заўважала, што яна яго паўсюль брала з сабой, зразумела гэта, толькі калі ў Польшчы стала пераглядаць здымкі.

Калі мы збіраліся выязджаць з Украіны, мелі дужа мала часу і маглі браць толькі самае неабходнае, а мішка даволі вялікі. Я збіралася па начах, пакуль дзеці спалі, і, мабыць, не задумалася, што мішку таксама трэба было ўзяць з сабой — сэрца шчэміць, калі пра гэта расказваю. Адразу згадваю цудоўны мультфільм «Гісторыя цацак» пра забытыя цацкі або тыя, з якіх дзеці выраслі. На жаль, наш мішка якраз і аказаўся такой цацкай.

Глядзіце таксама

Ужо ў Польшчы дачка стала пытацца пра мішку, хвалявалася, што не ведае, як ён там. Перыядычна мы спрабуем выцягнуць мішку з Украіны, магчыма, здолеем яго знайсці.

Калі дзеці вырастаюць з нейкіх рэчаў, я іх звычайна збіраю і аддаю камусьці, каму яны трэба, або проста перадаю на дабрачыннасць. І калі сярод такіх рэчаў знойдзецца маечка, шкарпэтка, цацка ці проста нейкая дробязь, якую Марыйка прывезла з Беларусі, яна проста не дазваляе мне гэта некуды аддаваць.

Мабыць, у яе ёсць свая дзіцячая траўма з-за таго, што ў 5 гадоў ёй прыйшлося з’ехаць са сваёй краіны, якую яна любіць. Тое самае магу сказаць і пра сына, яму на той час толькі споўнілася 8 гадоў.

Фота «Наша Ніва»

Фота «Наша Ніва»

— Вы некалі казалі, што вас цікавіць праца ў агучцы. Ці атрымліваецца цяпер знайсці для сябе такія праекты?

— Часам атрымліваецца, але іх не так шмат, як хацелася б. Ёсць праект «Беларуская літаратура», гэта ютуб-канал, дзе можна знайсці і праслухаць беларускія творы, якія дзеці вывучаюць у школе, там працую і я. Мне падаецца, яго агучваюць вельмі таленавітыя акцёры, у тым ліку былыя купалаўцы.

Таксама мне пашчаслівілася агучыць кнігу Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?», гэта быў вельмі цікавы досвед. Твор цудоўны, кожнаму беларусу раю яго прачытаць. 

— Ці не думалі вы, як бы склалася ваша кар’ера, калі б вы засталіся ў Мінску?

— Напэўна, гэта была б кар’ера чалавека, які быў бы павінен маўчаць. Акцёры, як і іншыя творцы — гэта людзі, якія з дапамогай сваёй творчасці выказваюцца на розныя тэмы. Гэта людзі, якія дапамагаюць іншым пражываць пэўныя эмоцыі і сітуацыі, праходзіць праз нешта і жадаць ісці далей. Думаю, што цяпер у Беларусі я б не мела магчымасці казаць пра тыя праблемы, пра якія мне хочацца казаць.

Не ведаю, ці можна такую працу назваць кар’ерай — прынамсі, той кар’ерай, якую я сабе ўяўляла, калі пачынала займацца акцёрствам.