Альгерд Бахарэвіч. Занадта чужы для таго, каб быць «сваім»
Сёння адзначае свой 48-мы дзень народзінаў пісьменнік і публіцыст, аўтар 25 кніг (у тым ліку зборніка паэзіі «Вершы») Альгерд Бахарэвіч.
Напэўна, ужо прайшоў той час, калі модна было захапляцца пісьменнікамі. Не, канешне, па-ранейшаму застаюцца людзі, якія наведваюць магілы любімых творцаў, месцы, дзе яны жылі і стваралі, і помнікі, якія рэдка маюць што агульнае са сваімі прататыпамі. Але гэта тычыцца мёртвых пісьменнікаў, якія адным сваім фактам страчанасці для гэтага свету зрабілі сабе палову імёнаў. Жывымі жа цяпер модна грэбаваць. Хаця, можа быць, я памыляюся і так было заўсёды — адвечнае «што маем, не цэнім»? Цяпер у мяне ёсць магчымасць упэўніцца ў гэтым самой.
Я не заўсёды была такой разумнай. Перш чым прыйсці да ўсведамлення важнасці кожнай і кожнага, хто хоць нешта робіць для таго, каб гэтую планету не разарвала на шматкі ад нашай абыякавасці і злосці, я была адной з бясконцых шэрагаў безаблічных «крытыкаў», чыё меркаванне пра сябе неапраўдана высокае, а каэфіцыент карыснага дзеяння вагаецца на ўзроўні нулю. І, канешне, я лепш за ўсіх ведала, як правільна жыць, што гаварыць і як ствараць, асабліва калі ў самой гэта кепска атрымлівалася.
Не памятаю, як пазнаёмілася з Альгердам Бахарэвічам, але памятаю, як цешыла маю ганарлівасць кожная размова з ім і кожны поціск рукі пры сустрэчы. Яшчэ нядаўна я разбірала яго творы для дыпломнай на філфаку — і вось ужо мы размаўляем пра літаратуру дзесьці ў кулуарах творчых імпрэз. Каго такое не будзе цешыць?
За Бахарэвічам цягнуўся шлейф скандаліста, адступніка веры ў забранзавелых класікаў і разбуральніка традыцый, які не мог не прывабліваць, бо маёй стыхіяй таксама былі бунт і жаданне быць першай. Адна толькі фраза «першы фемінісцкі раман», якая пастаянна суправаджала кнігу «Белая муха, забойца мужчын», напаўняла мой рот атрутнай слінай зайздрасці, якую я, як і многія іншыя «крытыкі», клапатліва збірала, каб потым праліць напоўніцу — на нашумелых «Сабак Эўропы». Нішто папярэдняе мяне так чапляла, як гэтая гісторыя.
...Сядзіба «Беларускага ПЭН-цэнтра», звычайны мінскі дзень: свінцовае неба, абыякавыя твары за вокнамі — і адчуванне загнанай вавёркі ў коле, якая вымушаная пастаянна яго круціць, каб быць заўважнай. Таксічнае творчае асяроддзе, кожны са сваімі амбіцыямі, планамі і ідэямі. Мы размаўляем з Бахарэвічам пра «Сабак Эўропы», якія яшчэ не напісаныя, але ўжо ў працэсе. «Гэта будзе найлепшы мой раман, — гаворыць мне Бахарэвіч. — Пасля такіх раманаў больш няма чаго пісаць». — «Буду чакаць!» — ветліва ўсміхаюся я ў адказ і яшчэ доўга потым не магу забыць гэтую размову. Колькі пыхі! Колькі ганарыстасці! Гэта ж трэба — «найлепшы раман»!
Кожны чалавек у сваім жыцці адносна тых ці іншых сітуацый перажывае этап сталення. Ну ладна, не кожны, але большасць усё ж сталее. У некаторых «падлеткавы бунт» супраць Бахарэвіча не заканчваецца ніколі — інакш я не ведаю, чым патлумачыць тую ўпартасць, з якой белліт гатовы прыдумляць шматузроўневыя наслаенні падкілімавых гульняў, абы не даваць Бахарэвічу прэмій, і абсмоктваць кожную рэпліку ва ўтульным фэйсбучыку.
Мой бунт супраць Бахарэвіча скончыўся ў 2020-м, калі пісьменнік непарыўна з’яднаўся ў адно з чалавекам — і ў гэтым з’яднанні выявіліся свабодны дух, смеласць і любоў да зямлі, на якой ён стаіць. 2020 год і ўсё, што было пасля, сталі самай яскравай «праверкай на вашывасць». Вялікай хваляй змыла ўсё наноснае, другаснае, і цяпер ужо не маюць значэння ні тыя прэміі, ні скандалы вакол іх, ні абразы, ні меркаванні іншых. Ужо няма ні пыхі, ні ганарлівасці, ні амбіцый, засталося толькі жаданне выжыць, захаваць сябе і сведчыць. Мець смеласць і моц гаварыць на поўны голас пра тое, што баліць — насуперак усім спробам заткнуць табе рот.
Пасля 2020-га для мяне Бахарэвіч адышоў на другі план — цяпер я прыглядаюся да Альгерда і, мне падаецца, больш разумею менавіта яго. Занадта чужы для таго, каб быць тут «сваім», занадта чужы для таго, каб стаць «сваім» там — відаць, ён так і будзе вымушаны быць сярод двух розных светаў, кожнаму з якіх яшчэ трэба будзе пасталець, каб пачаць цаніць жывых і шчырых, смелых, упартых, прынцыповых. Здольных на рызыку і цяжкую няўдзячную працу — быць сведкам часу, яго нястомным біёграфам, заўважаць дробязі і праз іх раскрываць сутнасць. Гаварыць са светам на сваёй мове — той самай, што комам захрасае ў горлах дзяцей Аліндаркі, — нават калі гэтая мова сёння адна з самых непажаданых у свеце.
...Летам 2020 года мы з Альгердам сустрэліся ў адной з кропак свету, і гэта была ўжо зусім іншая размова, дзе не было месца атрутнай зайздрасці, прыхаваным кпінам і позіркам звысоку. «Калі штосьці са мною здарыцца, не маўчыце, пішыце пра мяне», — сказаў Альгерд нам з Юляй Цімафеевай. «І вы пра мяне таксама», — усведамляючы ўсю глыбіню гэтай просьбы праз усю папярэднюю гісторыю, адказала я.
Час такі, што пісаць цяпер выпадае пераважна з сумных нагод. Але сённяшняя — выключэнне. Альгерду Бахарэвічу сёння 48 — і з гэтай нагоды ўжо вісіць на яго старонцы пранізлівы допіс пра людзей, гарады, кнігі і мову, якія запаўняюць сабою прастору жыцця чалавека і пісьменніка, чужынца на роднай зямлі і на іншых землях, які не ўпісваецца ў агульны пейзаж ні са сваёй мовай, ні са сваёй творчасцю, ні са сваёй Беларуссю.
Віншую, Альгерд. Няхай знойдзецца сваё месца, няхай прыйдзе свой час, хай жыве твой чытач і твая краіна, у якой, я спадзяюся, будуць чытаць разумныя кнігі і прыслухоўвацца да іх. Ты толькі пішы.