Lesley Knife: Я не на лініі фронту, але адчуваю гэты боль
Вакаліст культавага беларускага рок-гурта «Gods Tower» Уладзіслаў «lesley Knife» Наважылаў даў інтэрв'ю «Штодню» — пра эміграцыю, творчасць і тое, што дазваляе трымацца.
— Якое ў вас цяпер успрыманне сябе: музыка ў эміграцыі, у часовай эміграцыі? Як вы сябе адчуваеце праз паўтара года на тым месцы, дзе вы цяпер ёсць?
— Калі так ужо сумленна казаць, то адчуванне такое: стомлены, злы чалавек, які парваў бы тых, хто вінаваты ў гэтай эміграцыі, на кавалкі, але не мае такой магчымасці. Проста ў мяне на першы план выходзіць цяпер нешта чалавечае, а не прафесійныя якасці. Так, я музыка, але я не найлепшы музыка ў Беларусі, таму насіцца са сваім музычным статусам як з пісанай торбай — гэта такое сабе… Я і музыка, я і бацька, у мяне сыны ёсць. А калі абагульваць, то так, я проста стомлены, злы чалавек. Гэта не значыць, што я здаюся. Мы зараз усе стомленыя.
— У псіхалагічным плане найперш, але і ў фізічным, напэўна, таксама…
— Гэта заўсёды выходзіць на першы план: думаеш, дзе б сіл узяць, дзе б узяць тое-сёе. Але потым глядзіш на іншых людзей, найперш на ўкраінцаў глядзіш, думаеш: «Ну, яны ідуць наперад, трэба і нам». А потым глянеш на Кацю Ваданосаву, у якой эміграцыя і ўсе справы, а яшчэ і рак. Глянеш так — і думаеш: «Ну добра, і я так мушу». Але вось гэтае адчуванне, што ты проста фізічна і ментальна стаміўся, не пакідае, яно проста пераследуе. Не ведаеш, як матывавацца зранку, кава ўжо не дапамагае.
— Знаходзячыся ў эміграцыі, як часта вяртаецеся думкамі ў Беларусь?
— Вельмі часта насамрэч. Асабліва, калі ездзіш па Еўропе, параўноўваеш тое, што атрымалася ў еўрапейцаў, з нашымі рэаліямі. А ездзіш не па Германіях і Вялікабрытаніях, а ў Чэхію, Польшчу, краіны, якія 25 гадоў таму мелі з намі роўныя стартавыя ўмовы. І дзе цяпер яны і дзе мы? Вось гэта стамляе і злуе.
Тут яшчэ такая справа, што я хоць маю піетэт да літоўскай нацыі, культуры, мовы, да Літвы наогул, але не збіраюся станавіцца літоўцам. Я застаюся беларусам, я хачу быць беларусам, я хачу ў Беларусь. Там можна развярнуцца і нешта зрабіць. Палова мазгоў і душы ўвесь час у Беларусі ўсё роўна.
— Калі ўзгадваеце родны Гомель, па чым найбольш сумуеце? Куды б найперш пайшлі, калі б ужо з’явілася такая магчымасць?
— Найперш схадзіў бы ў парк Паскевічаў. Але Гомель для мяне — найперш тусоўка музычная, унікальны гомельскі дух музычны, але таксама і літаратурны, мастацкі. Гомель — гэта месца сілы.
Гомель у мяне атаясамліваецца з музыкай і літаратурай насамрэч. У мяне мала асацыяцый з архітэктурай і геаграфічнымі кропкамі, для мяне гэта было заўсёды фонам. Мяне цікавяць людзі. Калі ў мяне пытаюцца, што найлепшае ў Літве ці што найлепшае ва Украіне, я заўжды адказваю, што ў Літве найлепшае — гэта літоўцы, а ва Украіне — украінцы. За гэтыя паўтара года я проста беспрэцэдэнтна пачаў разумець каштоўнасць чалавечага жыцця, чалавека як адзінкі.
— Вы сказалі, што злосць перапаўняе. Ці можа быць злосць стымулам, творчым выклікам для вас як музыкі? Злосць абязвольвае ці наадварот надае больш сіл?
— Насамрэч ні тое і ні іншае. Сама па сабе злосць ці любая негатыўная рэакцыя не могуць даваць імпульсу для стварэння музыкі, літаратуры. Адзінае, дзеля чаго можна рабіць мастацтва, — гэта людзі. Гэта робіцца для людзей або не робіцца наогул. Калі ты робіш гэта толькі для сябе, то насамрэч ты робіш не канчатковы твор, а эскізы. Твор робіцца для людзей, для людзей ты ўкладаеш толькі пазітыўныя эмоцыі. Ведаеце, калі вы набываеце мексіканскае бурыта, там шмат перцу. Вось шмат перцу — гэта нешта кшталту злосці і ёсць. То-бок злосць — гэта прысмак, а ў чыстым выглядзе яна не дапамагае нічога рабіць, хоць і не перашкаджае: яна надае нейкія адценні таму, што ты робіш, дапамагае задаваць вектар тваёй творчасці. Але дом на гэтым не пабудуеш.
— На сённяшні дзень наколькі вялікую частку вашага жыцця займае музыка?
— Усё сітуатыўна насамрэч. Не заўжды ёсць магчымасць ёю займацца. Музыкі слухаў шмат і слухаю, не адмаўляюся амаль ні ад якіх праектаў, куды мяне запрашаюць. Гэта дазваляе трымаць сябе ў форме. Але мне больш зараз падабаецца студыйная праца, то-бок сцэна ўжо не першасная. Мабыць, гэта ўзрост, а можа, проста нейкая пазіцыя. Мяне больш цікавіць, каб з’яўляліся ў Беларусі новыя маладыя музыкі. Не хацелася б, каб музычная традыцыя (а ў Беларусі яна вельмі моцная, у нас вельмі індывідуальныя музыкі) перапынялася. З іншага боку, я яшчэ здольны нешта зрабіць, і калі можаш нешта выдаць, то навошта гэта хаваць? Вось такія справы.
— Але ці ёсць магчымасць маладым музыкам цяпер у Беларусі з’явіцца?
— Мне цяжка гэта каментаваць, бо я сам зараз не ў Беларусі. Больш за тое, лічу, што ў мяне няма проста маральнага права нешта ментарскім тонам казаць: рабіце тое-сёе. Зараз людзі жывуць у канцлагеры. Іх задача не ў тым, каб напісаць новую музыку, зняць кіно. Зараз у іх адна задача — выжыць. А колькі гэта працягнецца? Адзінае, што мы можам рабіць — падтрымліваць наш беларускі інфармацыйны парадак дня ў свеце, і гэтым мы займаемся. Карацей, лупім у рондаль, каб нас пачулі. Хутчэй бы скончыўся гэты канцлагер, тады і музыканты пачнуць новыя з’яўляцца, і паэты, і кіно пачнуць здымаць, пачнецца росквіт самы натуральны.
— А што можна зрабіць, каб мы ў эміграцыі заставаліся беларусамі і каб культура выжыла ў эміграцыі? Якія найменшыя крокі?
— Па-першае, у эміграцыі збольшага людзі з бэкграўндам: музыкі, творцы, прамыслоўцы. Рабіць мы павінны тое, што мы ўмеем. Рабі тое, што можаш, старайся рабіць гэта сам, каб не забіраць патрэбныя іншым людзям рэсурсы. Але калі патрэбна дапамога, не варта бянтэжыцца, варта прасіць. Калі бярэш — быць удзячным. Тады мы зможам стварыць талаку, зможам перажыць цяжкі час і расказаць свету пра беларусаў. Мы тады будзем самастойнымі, моцнымі і ўдзячнымі адно аднаму, што вельмі важна. Мы створым нейкі запас, не будзем растрачваць рэсурсы.
Зараз мы павінны паводзіцца так: кожны беларус павінен быць самастойнай і творчай адзінкай.
Таму што насамрэч беларусы нікому не патрэбныя. Мабыць, гэта і добра: мы станем дарослай нацыяй, зразумеем, што няма аніякіх братоў, ёсць толькі суседзі, ёсць толькі сябры. Усё ў нашых руках.
— Што вам прыносіць радасць на сённяшні дзень у жыцці? Вы казалі пра стомленасць, злосць, але месца для радасных момантаў павінна ж быць?
— Напэўна, я троху аскацініўся — можа, гэта вайна паўплывала. Зараз адзінае, што сапраўдную радасць мне прыносіць, — гэта няўдачы ворага. Калі ворагам нашым кепска і балюча, тады мне прыемна. Гэта, пэўна, чалавечая натура. Я, канешне, не на лініі фронту, але адчуваю гэты боль. У гэтым рэчышчы і думаю.