Памёр пісьменнік Юрый Станкевіч
Сёння, 22 кастрычніка, памёр вядомы пісьменнік Юрый Станкевіч. Яму было 76 гадоў.
Юрый Станкевіч або Юры Станкевіч, сапраўднае імя Георгій Васільевіч Харытановіч, нарадзіўся 21 студзеня 1945 года ў Барысаве.
Бацька пісьменніка ў 1946 годзе быў рэпрэсаваны па 58-м артыкуле ў Карагандзінскі папраўча-працоўны лагер. Юрый рана кінуў школу і пачаў працаваць. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, працаваў у барысаўскай аб’яднанай газеце. Неўзабаве пераехаў у Мінск. Быў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела часопіса «Маладосць», загадчыкам аддзела часопіса «Крыніца». З 1990 года — член Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Пачаў літаратурную дзейнасць у 1988 годзе. Напісаў некалькі раманаў, шмат аповесцяў і апавяданняў, а таксама каля дзясятка п’ес і кінасцэнарыяў.
Важнейшымі кнігамі Юрыя Станкевіча з’яўляюцца «Любіць ноч — права пацукоў» (2000), «Апладненне ёлупа» (2005), «Мільярд удараў» (2008), «П’яўка» (2010). Творы перакладзены на некалькі моў.
Двойчы намінаваны на літаратурную прэмію «Гліняны Вялес» за раман «Мільярд удараў» (2008) і раман «П’яўка» (2010).
У 2013 годзе раман «Шал» увайшоў у шорт-ліст прэміі імя Гедройца.
Паводле «Нашай Нівы»