Сёння Таццянін Дзень

Вядомая беларуская журналістка Таццяна Мельнічук 7 мая адзначае вельмі прыгожы юбілей. У гэты дзень мноства выхаванцаў і калег Таццяны павіншуюць яе з гэтай выбітнай датай. Прычым не фармальна, а вельмі шчыра. 

melniczuk.jpg

Таццяна Іванаўна ўсё сваё жыццё аддавала і аддае журналістыцы і выхаванню сапраўдных майстроў гэтае прафесіі. Мяне менавіта яна разам з Жаннай Літвіной прывяла ў прафесію ў далёкім ужо 1991 годзе, калі яны ачольвалі славутую радыёстанцыю “Беларуская маладзёжная” (Жанна была галоўным рэдактарам, а Таццяна — яе намесніцай).
Чалавечыя рысы і незвычайны прафэсіяналізм абедзьвюх кіраўніц паспрыялі таму, што ў краіне ў межах дзяржаўнага радыё ў той няпросты час узнікла непадробная, непаўторная радыёстанцыя, якая “ставіла на вушы” ўсю краіну і яе кіраўніцтва.
Пасля закрыцця “БМ” падчас падрыхтоўкі да першых прэзідэнцкіх выбараў у 1994 годзе Таццяна Мельнічук стварыла аднайменную газету “Беларуская маладзёжная”, якая стала выбітнай школай для цэлага пакалення журналістаў, сярод якіх Сяргей Пульша, Насцёна Пятроўская (Рубанава), Алька Навасёлкіна ды многія іншыя.
Змушанае закрыццё выдання таксама не паставіла крыж на якаснай прафесійнай дзейнасці Таццяны Мельнічук. Яна была намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), дагэтуль з’яўляецца намеснікам рэдактара друкаванага органа БАЖ часопіса “Абажур”, уласным карэспандэнтам брытанскай інфармацыйнай кампаніі ВВС ў Беларусі, выкладчыкам “Беларускага калегіюма”.
Але перш за ўсё трэба адзначыць не толькі прафесійныя, але чалавечыя якасці Таццяны. Гэта — простая някідкая дабрыня, гатоўнасць дапамагчы ўсім, хто апынуўся ў складанай сітуацыі, падзяліцца прафесійным досведам з калегамі і жыццёвым вопытам з маладымі. Сціплы, шчыры, годны і вельмі ўдзячны чалавек — усё гэта наша Таццяна Іванаўна.
Побач з ёю не адчуваеш узросту, і гэта вельмі файна. Пачуццё гумару, здольнасці да выбітных галасістых спеваў па-беларуску, украінску і паляшуцку падчас сумесных імпрэзаў, дабразычлівасць і сяброўская вернасць — усіх дабротаў гэтай прыгожай, статнай жанчыны, якую кожны пражыты год робіць яшчэ больш яскравай ды адметнай, і не пералічыць.
“Новы Час” шчыра віншуе калегу з юбілеем, жадае ёй моцнага здароўя, дабрабыту, плёну, выключна пазітыву ва ўсіх сэнсах. СТО ГАДОЎ, шаноўная Таццяна Іванаўна!