Беларусь часова спыняе экспарт свініны ў РФ
Беларусь спыняе экспарт свініны ў Расію да 11 лістапада 2014 года, паведаміў памочнік кіраўніка Рассельгаснагляду Аляксей Аляксеенка.
«Беларусь увяла самаабмежаванне. Беларускі бок не будзе сертыфікаваць свінагадоўчую прадукцыю, якая накіроўваецца нам, да 11 лістапада», — сказаў ён.
Аляксеенка патлумачыў, што без ветэрынарных сертыфікатаў прадпрыемствы рэспублікі не змогуць пастаўляць сваю прадукцыю ў РФ, то бок гэтая мера з’яўляецца тэхнічным абмежаваннем паставак свініны і вырабаў з яе ў Расію.
Паводле яго слоў, пытанне з пастаўкамі свініны з РБ будзе вырашацца 11 лістапада ў Маскве на сустрэчы ветэрынарных службаў краін Мытнага саюза, на якой будуць абмяркоўвацца меры па недапушчэнні распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней (АЧС) па тэрыторыі саюза.
Раней кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт паведаміў, што ў чацвер Расія і Беларусь павінны былі абмеркаваць магчымую забарону на пастаўкі беларускай свініны і прадукцыі з яе ў Расію.
Ветэрынарная служба Расіі разглядала магчымасць забароны ў сувязі з выяўленнем геному АЧС ў прадукцыі чатырох мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў РБ: Бабруйскага, Аршанскага, Мінскага і Магілёўскага камбінатаў.