«ДНР» і «ЛНР» адмовіліся перадаваць Кіеву кантроль над мяжой з Расіяй
Улады Данецкай і Луганскай «народных рэспублік» не аддадуць Кіеву кантроль над мяжой з Расіяй і настойваюць на яе міжнародным маніторынгу. Пра гэта гаворыцца ў звароце кіраўніцтва «ДНР» і «ЛНР» да Расіі і АБСЕ.

«Украіна патрабуе вярнуць кантраляваныя намі ўчасткі мяжы з Расіяй пад яе кантроль. Мы можам пайсці толькі на міжнародны маніторынг гэтых участкаў мяжы», — паведамляецца ў дакуменце.
Умовай для міжнароднага маніторынгу «ДНР» і «ЛНР» назвалі дасягненне поўнага палітычнага ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны, а таксама аднаўленне эканамічных і сацыяльных сувязяў з Кіевам, якое будзе пацверджана дамовай пры паручальніцтве Расіі і Еўрасаюза. Гэта дамова павінна гарантаваць бяспеку насельніцтва «народных рэспублік» і іх палітычных інстытутаў.
На сённяшні дзень сепаратысты кантралююць пяць пунктаў пропуску на растоўскім участку мяжы Украіны з Расіяй. На тых участках мяжы, якія кантралюе Кіеў, украінскія ўлады пачалі будаваць ўмацаванне ў рамках праекта «Сцяна».