Die Welt: Пуцін прамацоўвае абарону НАТА

«Расія паводзіць сябе ўсё больш агрэсіўна ў еўрапейскай паветранай прасторы», — піша аглядальнік нямецкай газеты Die Welt Клеменс Вергін. За апошнія некалькі дзён, як гаворыцца ў афіцыйнай заяве НАТА, апублікаванай у сераду, сістэмы радыёлакацыйнага выяўлення Паўночнаатлантычнага альянсу маглі назіраць маштабны ўзровень паветранай актыўнасці расійскіх ВПС над Еўропай.



rm4aiuxzdl.jpg

Так, за аўторак і сераду Альянс, як гаворыцца далей, выявіў у міжнароднай паветранай прасторы чатыры групы з некалькіх расійскіх ваенных самалётаў над Балтыйскім, Паўночным і Чорным марамі. Ва ўсіх выпадках для іх суправаджэння былі паднятыя самалёты НАТА. Самалёты, як сцвярджаюць у НАТА, не прадставілі палётныя планы і не падтрымлівалі кантакт з грамадзянскімі дыспетчарамі, што ўяўляе небяспеку для грамадзянскіх авіязносінаў. Усяго ж з пачатку года самалёты ВПС Расіі перахопліваліся, па дадзеных Альянсу, больш за сто разоў, што ў тры разы больш, чым у 2013 годзе.

«Чарговыя выпадкі з’яўляюцца часткай новай, агрэсіўнай стратэгіі расійскіх Узброеных сіл, якую ў НАТА назіраюць ў апошні час», — працягвае журналіст. У цяперашні час інтэнсіўнасць гэтых правакацыйных палётаў, як заявіў прэс-сакратар альянсу радыёстанцыі Voice of America, «вышэй, чым у самы разгар халоднай вайны».

Між тым новы генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг толькі ў аўторак звяртаў увагу на змены ў паводзінах Расіі. «Мы можам канстатаваць, што Расія змяніла сваю стратэгію. Прычым не толькі ва Украіне. Акрамя гэтага, мы рэгіструем ўзрослую ваенную актыўнасць Расіі ў іншых частках Еўропы, на межах дзяржаў-членаў альянсу і, напрыклад, у Балтыйскім моры», — заявіў Столтэнберг амерыканскаму выданню The Wall Street Journal.

Ваенныя эксперты, як дадае Die Welt, расцэньваюць ўзрослую колькасць палётаў расійскіх ВПС паблізу межаў НАТА ў якасці пагрозлівых жэстаў і спробаў сістэматычнага збору дадзеных пра час рэакцыі Альянсу на выпадак нападу.