Беларусь просіць у ВТБ ужо не адзін, а два мільярды даляраў

Беларускі бок цяпер вядзе перамовы з расійскім банкам ВТБ пра атрыманне так званага брыдж-крэдыту (прамежкавы, дапаможны крэдыт) у памеры двух мільярдаў даляраў.



dajcie_hroszaj.jpg

Пра гэта сёння паведаміў журналістам у Палаце прадстаўнікоў намеснік міністра фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч. Ён сказаў: «Спадзяюся, што да канца чэрвеня гэтае пытанне будзе вырашана».
Раней паведамлялася, што Беларусь хоча атрымаць ад расійскага банку брыдж-крэдыт у памеры аднаго мільярда даляраў. На ўдакладняльнае пытанне журналістаў, пра якую ўсё ж канкрэтную суму ідзе размова, намесьнік міністра фінансаў адказаў: «Мы вядзём перамовы пра выдзяленьне крэдыту ў памеры да двух мільярдаў даляраў. Зараз мы ўдакладняем тыя ўмовы, на якіх расійскія калегі могуць даць нам брыдж-крэдыт».
Максім Ермаловіч сказаў журналістам, што беларускі бок адначасова вядзе перамовы з Масквой і пра атрыманне міждзяржаўжнага крэдыту, таксама ў памеры двух мільярдаў даляраў. Беларускі чыноўнік спадзяецца, што і гэтае пытаньне будзе вырашана да канца чэрвеня. На мінулым тыдні пасол Расіі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў сказаў: «Беларусь атрымае міждзяржаўны крэдыт альбо ў ліпені, альбо ў жніўні».
svaboda.org