Расійцы пачалі ездзіць у Мінск, каб аформіць карты Visa і MasterCard у беларускіх банках
Расійцы пачалі ездзіць у Мінск, каб аформіць карты Visa і MasterCard у беларускіх банках. Пра гэта паведамляе расійскае выданне gazeta.ru са спасылкай на прадстаўнікоў двух беларускіх банкаў. Гэтымі карткамі можна разлічвацца за мяжой у замежных анлайн-крамах, таксама прывязваць іх да мабільных плацёжных сэрвісаў.
«Так, звароты былі і ёсць», — сказалі выданню ў прэс-службе
«Приорбанка».
Цікавасць да карт беларускіх банкаў пацвердзіла Наталля
Залеская, якая раней займала пасаду вядучага эканаміста аддзела кантролю якасці
кліенцкага сэрвісу ўпраўлення развіцця бізнесу «Беларускага Народнага банка».
«Улічваючы, што Расія мяжуе з Беларуссю, а беларускія
карты даюць расійцам дастаткова шырокія магчымасці, і расійцы могуць імі
карыстацца для аплаты пакупак на замежных сайтах, падпісак, набыткаў за мяжой,
цікавасць ёсць. Пытанне — у сотні кіламетраў. Беларускі картачны турызм будзе
папулярны. Адмовіцца ад тых дабротаў, якія былі да санкцый, цяжка», —
патлумачыла Залеская.
Выданне паведамляе, што расійцы не змогуць плаціць
беларускімі картамі на расійскіх платформах або ў расійскіх крамах. Але імі
можна аплачваць замежныя сэрвісы і падпіскі ў App Store і Google Play,
карыстацца імі за мяжой. Папоўніць карту атрымаецца праз SWIFT-перавод па
рэквізітах з расійскага банка ў беларускі.
Дацэнт кафедры фінансаў ўстойлівага развіцця РЭУ ім. Г. В.
Пляханава Марыя Ермілава ў каментары выданню выказала меркаванне, што беларускі «картачны турызм» будзе набіраць папулярнасць у далейшым.
Нагадаем, усе карты міжнародных плацёжных сістэм Visa і
Mastercard, выпушчаныя расійскімі банкамі, перасталі працаваць за мяжой з-за
санкцыяў, накладзеных аплатнымі сістэмамі на Расію пасля пачатку вайны.
Некаторыя кліенты беларускіх банкаў таксама сутыкнуліся са
збоямі пры аплаце. Кліенты некаторых банкаў таксама паведамлялі аб праблемах
пры аплаце картамі за мяжой і ўнутры краіны. Паралельна з гэтым чытачы
распавядалі, што на працы ім сталі прапаноўваць перайсці на расійскую аплатную
сістэму «Мир».