«Газавая вайна»: Расія спыняе пастаўкі газу ў Фінляндыю, а Германія і Італія пагаджаюцца купляць газ за расійскія рублі

«Газпрам» цалкам спыніў пастаўку газу фінскай кампаніі «Gasum», якая не стала плаціць за паліва ў адпаведнасці з указам Пуціна, між тым як урады Германіі і Італіі шукаюць магчымасці для закупак.

gazprom_suzhaet_ehksport_v_evropu_1.webp


«Па стане на канец працоўнага дня 20 траўня "Газпрам экспарт" не атрымаў плацёж за пастаўкі газу ў красавіку ад кампаніі "Gasum" (Фінляндыя) у адпаведнасці з указам прэзідэнта РФ №172 ад 31.03.2022 года», — гаворыцца ў паведамленні расійскай кампаніі.
Згодна з указам, пастаўкі павінны аплачвацца з выкарыстаннем новых рэквізітаў праз «Газпрамбанк», куды залічваюцца сродкі ў валюце дамовы, якія затым канвертуюцца ў расійскія рублі і пералічваюцца на рахунак «Газпрама».
Пра спыненне паставак газу расійская кампанія папярэджвала ўчора. Яна сцвярджае, што ў 2021 годзе прадала «Gasum» 1,49 млрд куб. м газу, ці дзве траціны ад спажывання газу ў Фінляндыі.
«Gasum» пацвердзіла спыненне атрымання газу з Расіі. Яна мае намер выкарыстоўваць для забеспячэння палівам газаправод «Balticconnector», які запушчаны ў 2019 годзе і злучае Фінляндыю і Эстонію.
«Вельмі сумна, што пастаўкі прыроднага газу па нашым кантракце цяпер будуць спыненыя. Аднак мы старанна рыхтаваліся да гэтай сітуацыі, і пры ўмове, што не будзе перабояў у газатранспартнай сетцы, мы зможам забяспечыць газам усіх нашых кліентаў у бліжэйшыя месяцы», — заявіў генеральны дырэктар «Gasum» Міка Вільянен.
Раней «Газпрам» ужо спыніў пастаўкі газу ў Польшчу і Балгарыю, якія не перайшлі на новыя ўмовы аплаты.
Між тым Германія і Італія дазволілі сваім кампаніям адкрываць рахункі ў расійскіх рублях, каб працягваць купляць расійскі газ без парушэння санкцый супраць РФ, паведамляе «Reuters».
«Дэбаты наконт патрабавання Расіі аб тым, каб замежныя пакупнікі плацілі за газ у рублях, сталі выпрабаваннем рашучасці еўрапейскіх урадаў заняць жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Масквы ў сувязі з вайной ва Украіне», — адзначае выданне.
Паводле крыніц «Reuters», нямецкі ўрад пасля размовы з Еўрапейскай камісіяй паведаміў нямецкім імпарцёрам, што яны могуць адкрываць рахункі ў расійскіх рублях для аплаты газу з РФ без парушэння санкцый, калі плацяжы, якія яны ажыццяўляюць у «Газпрамбанк», ажыццяўляюцца не ў расійскай валюце.
Урад Італіі таксама нібыта атрымаў тлумачэнні наконт таго, як купляць расійскі газ на законных падставах.